Дуня Міятавіч адкрыла ў Менску сэмінар-трэнінг

Дуня Міятавіч

У Менску з двухдзённым візытам знаходзіцца прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды мэдыяў Дуня Міятавіч.

14 верасьня, яшчэ да пачатку афіцыйнай часткі візыту ў Беларусь, Дуня Міятавіч правяла шэраг сустрэч з прадстаўнікамі недзяржаўных мэдыяў краіны, а сёньня, 15 верасьня, яна разам з намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной адкрыла ў гатэлі «Краўн-плаза» сэмінар па праблемах узаемадзеяньня мэдыяў з праваахоўнымі органамі Беларусі.

«Бакі павінны працаваць разам, каб гарантаваць свабоду мэдыяў у Беларусі. Дзеля гэтага павінна быць палітычная воля, жаданьне ўраду. За апошні час колькасьць затрыманьняў журналістаў значна зьменшылася», — адзначыла Дуня Міятавіч і запэўніла, што калі будуць асобныя затрыманьні, яна «будзе падымаць гэтае пытаньне», перадае БелаПАН.

Намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына станоўча ацаніла экспэртны патэнцыял, які назапашаны ў АБСЭ, і выказала зацікаўленасьць у тым, каб скарыстаць яго «для ўдасканаленьня нацыянальнага заканадаўства».

21 выпадак затрыманьняў журналістаў у сувязі зь іхнай прафэсійнай дзейнасьцю налічыла сёлета Беларуская асацыяцыя журналістаў. Гэта ўдвая меней за леташні паказчык, да таго ж журналістаў пасьля сёлетніх затрыманьняў не арыштоўвалі, што было тыпова для ранейшых гадоў. Але ёсьць і нэгатыўныя тэндэнцыі, адзначае намесьнік старшыні БАЖ юрыст Андрэй Бастунец.

Андрэй Бастунец

«Гэта тое, што зьявіліся адміністрацыйныя штрафы за парушэньне правілаў ажыцьцяўленьня журналісцкай дзейнасьці паводле артыкула 29, частка 1 Адміністрацыйнага кодэксу. Пратаколы па гэтых выпадках рыхтуюць супрацоўнікі міліцыі, і я мяркую, што яны самі ня ведаюць асаблівасьцяў закону „Аб сродках масавай інфармацыі“, за парушэньне якога сапраўды можа пачацца адміністрацыйны працэс».

Паводле Андрэя Бастунца, адносіны журналістаў з сілавымі структурамі ў Менску ў параўнаньні з рэгіёнамі выглядаюць лепш: у сталіцы можна чакаць дапамогі ад прэсавай службы гарадзкой міліцыі — і каб атрымліваць інфармацыю, і ў выпадку нематываванага затрыманьня на вулічнай акцыі. Але і тут застаецца група журналістаў, якіх ніякі беларускі закон не абараняе, кажа Андрэй Бастунец:

«Маю на ўвазе фрылансэраў, ці тых, хто супрацоўнічае з інтэрнэт-рэсурсамі. Іхны статус няпэўны для супрацоўнікаў праваахоўных органаў, і гэта такая міна запаволенага дзеяньня. У выніку яны застаюцца без абароны з боку Закону аб мэдыях».

У сэмінара браў удзел прэсавы сакратар менскай гарадзкой міліцыі Аляксандар Ластоўскі, да якога шмат хто з журналістаў мусіў зьвяртацца, каб вызваліць сваіх калегаў, затрыманых на акцыях пратэсту ў Менску. Камэнтар да сэмінару з удзелам экспэртаў АБСЭ і прадстаўнікоў недзяржаўных мэдыяў спадар Ластоўскі адклаў:

Аляксандар Ластоўскі

«Мы яшчэ на паўдарозе, таму ацэнкі даваць зарана. Але адзначу, што мы разумеем адзін аднаго і гатовыя да дыялёгу».

Нагадаю, яшчэ ў чэрвені прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды слова Дуня Міятавіч зьвярнулася да міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея зь лістом, у якім заклікала зраўняць умовы працы ўсіх беларускіх журналістаў: як тых, хто мае афіцыйную акрэдытацыю, так і тых, каму ў ёй адмовілі. Што адкажа спадар міністар, магчыма, стане вядома заўтра, 16 верасьня, пасьля заплянаванай сустрэчы спадарыні Міятавіч з Уладзімерам Макеем.

Паводле БелаПАН, на заўтра заплянаваная таксама сустрэча Дуні Міятавіч зь міністрам інфармацыі Беларусі Ліліяй Ананіч.