Расейскія дэсантнікі, затрыманыя ва Ўкраіне, вярнуліся ў Расею

Мінулай ноччу затрыманыя ва Ўкраіне дзевяць дэсантнікаў 98-й Сьвірскай дывізіі ПДВ вярнуліся ў Расею. Пра гэта паведамляе агенцтва «РИА Новости», спасылаючыся на намесьніка камандуючага паветрана-дэсантнымі войскамі Расеі Аляксея Рагозіна.

Аб затрыманьні дзесяці кастрамскіх дэсантнікаў на тэрыторыі Ўкраіны Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла 26 жніўня. Неўзабаве ўкраінскія вайскоўцы адпусьцілі аднаго з затрыманых — Арцём Кузьмін, які атрымаў апёкі, быў дастаўлены ў шпіталь у Пецярбургу. Астатнія дзевяць дэсантнікаў знаходзіліся ў Кіеве, дзе былі дапытаныя ўкраінскімі спэцслужбамі пра абставіны перасячэньня мяжы і магчымым удзеле ў баявых дзеяньнях. Украінскі бок падкрэсьліваў, што дэсантнікі былі дапытаныя «як сьведкі».

У інтэрвію расейскаму тэлеканалу «Дождж» затрыманыя дэсантнікі распавялі, што ім вядома аб магчымым іх абмене на ўкраінскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў палон да узброеныхм фарміраваньняў, якія дзейнічаюць на ўсходзе Ўкраіны. Аднак, далейшай інфармацыі аб тым, ці адбыўся такі абмен, няма.