Трыццаць стрэлаў па поўні

Малюнак: П. Татарнікаў (с) 2014

Гітлер капут — у Менску салют. У такія дні адны беларусы імкнуцца зьехаць як мага далей, каб ня дай божа не пабачыць і не пачуць клятага фаервэрку. Іншыя ж наадварот — намагаюцца заняць самыя зручныя месцы, каб адчуць сябе ня толькі гледачамі, але і ў нейкім сэнсе саўдзельнікамі.

Як правіла, не шанцуе ні тым, ні другім. Уцекачоў салют усё роўна дастане, хай і праз тыдзень — упадзе прыпозьненай, але нязгаснай іскрай на заблытанага ў сацыяльных сетках індывіда і апячэ падманутую душу. А шараговым аматарам салюту калі нешта і перападзе, дык хіба расчараваньне: бачыць вока, а грыміць і блішчыць вох як высока. Салют трывае нядоўга, і ад яго застаецца няшмат — і чымсьці ён нагадвае купюры з рук булкагаўскага Воланда: салют растае, калі чалавек толькі звыкся лічыць яго сваім.

Рытуальны расстрэл цёмнага беларускага неба ў пэўныя дні году, на думку ягоных прыхільнікаў, мусіць аб’ядноўваць насельніцтва ў нейкае падабенства народу. Што ж, кругавая парука расстрэльнай каманды таксама здольная выхоўваць адчуваньне локця. На сьвяты беларусы страляюць у поўню, быццам спрабуючы яе зьбіць. Быццам на той поўні сядзяць іншыя беларусы — няправільныя. Якім так і карціць сарваць людзям празьнік...

А яшчэ ў салюце ёсьць нешта першабытнае. Страх чалавека перад цемрай. Салют — агонь, які адпужвае драпежных зьвяроў. Зьвяры ў «нармальнага», «забеларускага» грамадзтва ведама якія: Захад, глябалізацыя, апазыцыя, нацыяналізм, рэвалюцыя... Напэўна, дзяржава ў глыбіні душы верыць, што ў пячору прыдуманага ёй раю ніводзін з тых драпежнікаў ня сунецца. Пабаіцца. Сыдзе ні з чым у чорную ноч. І гэтая першабытная вера — бадай, адзінае, на чым яна трымаецца.

Салют і сапраўды — перамога над цемрай. Уяўная, хуткаплынная, сэкундная — хутчэй ілюзія перамогі, чым трыюмф сьвятла, але часам, каб адчуць стабільнасьць сваёй улады, хапае і некалькіх імгненьняў. Радасьць, якую дае народу салют — гэта насамрэч жах простага беларускага чалавека перад уласнай гісторыяй, цёмнай і вязкай гісторыяй, у якой нічога не разьбярэш. Беларусы адчуваюць сваю гісторыю навобмацак. Даволі лёгка намацваецца гісторыя свайго роду, можна прыгадаць нешта з найноўшых падзеяў, але збольшага — гісторыя Беларусі застаецца для яе народу цемрай, дзе немагчыма арыентавацца. Там і ВКЛ, і партызаны, і Расія-матушка, і Пётр Першы, і Касьцюшка, і Фрунзэ, і Сувораў, і Машэраў, і, калі не пабаяцца сунуць пальцы ў падступную цемру — нейкія абрысы БНР. Але што зусім жудасна: ніхто ня ведае, што там сваё, а што чужое, што варожае, а што можна браць голымі рукамі. Гісторыя — гэта ноч. А беларусы — сонцапаклоньнікі. Рыцары Сьвяточнай Падсьветкі.

Таму беларусу без салюту ніяк. Хай хоць нешта асьвятляе шлях і плястыкавы кубачак з бутэрбродам побач. За перамогу! За перамогу над цемрай. За Дзень незалежнасьці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І проста за дзень. За Беларусь Сегодня. За трыццаць залпаў па няяснасьці, нявызначанасьці і няўпэўненасьці ў заўтрашнім дні.

Менавіта столькі было зроблена па гэтых ворагах любога грамадзтва сёлета ў Менску на 3-га ліпеня. Чаму менавіта трыццаць? Прасьцей за ўсё лічыць, што проста лічба прыгожая. Цалкам магчыма, што гэта ўмоўны знак, сыгнал, які беларуская дзяржава падае іншаплянэтнікам, якія замёрлі недзе над стратасфэрай, пільна ўглядаючыся ў беларускае неба. 30 залпаў, што расьцьвілі над Менскам — гэта тыя кветкі на падваконьні, якія ў шпіёнскім кіно паказваюць агентам, што яўка праваленая. Спускацца на зямлю не пара. Тут яшчэ не прызвычаіліся да геяў — дык што ўжо казаць пра марсіянаў...

Трыццаць залпаў з шасьці пазыцый. З узьбярэжжа Сьвіслачы, з аэрапорту Менск-1, проста з пасадачнай паласы, зь берага Заслаўскага вадасховішча... З Чыжоўкі, з Навінак, з вайсковага гарадка ва Ўруччы...

А месяц вісеў у небе, як мішэнь.

Дарослыя садзілі дзяцей сабе на плечы, каб лепш было відаць. І дзеці сядзелі на іх, як пагоны. Жарты, сьмех, весялосьць... Сьвяточны настрой, які бывае, калі твая дзяржава абвясьціла каму-небудзь вайну. Салют патрэбны для таго, каб вайна ніколі не сканчалася. Бо хто мы і што мы без вайны? Бежанцы. А з вайной мы як адзін — зэнітчыкі і зэнітчыцы. І кожнае сьвята, падсьветленае салютам, падфарбаванае ім, як гарэлка бальзамам «Чорны рыцар» — гэта Дзень зэнітчыка. Галоўнае беларускае сьвята.

Вядома, салюты бываюць розныя. Вось нядаўна, пішуць, быў зладжаны салют у гонар дня народзінаў Міколы Статкевіча. Годная справа — і годная альтэрнатыва іхнаму салюту. Сьведчаньне таго, што і ў іншай Беларусі ёсьць свае салюты, ёсьць яшчэ порах у парахаўніцах.

А лепш за ўсё —зусім без салютаў. Да поўні ўсё роўна не дастаць. Хай павісіць яшчэ трохі. Пагатоў мы на ёй жывем. Часова, пакуль там, унізе, павялічваюць дальнабойнасьць гарматаў.