Лукашэнка: Усім нам хацелася б канкрэтных дамоўленасьцяў па Ўкраіне

«Усім нам хацелася б прарыву і канкрэтных дамоўленасьцяў па ўрэгуляваньні канфлікту ва Ўкраіне, але ўжо сам факт цяперашняй сустрэчы — безумоўны посьпех» — заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 жніўня па выніках пасяджэньня ў Менску прэзыдэнтаў краін Мытнага саюзу, Украіны і прадстаўнікоў Эўразьвязу.

Ён выйшаў да прэсы адзін і патлумачыў, што астатнія ўдзельнікі перамоваў упаўнаважылі яго паведаміць журналістам аб выніках сустрэчы, якая доўжылася чатыры гадзіны.

«Перамовы былі няпростымі, але дыялёг быў прадметным і шчырым, хаця пазыцыі бакоў адрозьніваліся часам кардынальна, — сказаў Лукашэнка. — Але важна, што ўсе ўдзельнікі лічаць, што трэба шукаць кампраміс».

Паводле яго, удзельнікі заявілі аб неабходнасьці дээскаляцыі канфлікту, вызваленьня закладнікаў, вырашэньня праблемы ўцекачоў і гуманітарных пытаньняў. «Важна прадухіліць гуманітарную катастрофу», — падкрэсьліў ён.

Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы абмеркавалі магчымыя рызыкі для Расеі ў сувязі з падпісаным пагадненьнем аб асацыяцыі паміж Украінай і ЭЗ, а таксама надалі ўвагу «праблемам у энэргетычнай сфэры як па транзыце, так і пастаўках».

«Упершыню на такім высокім узроўні адбыўся дыялёг двух наймацнейшых на эўрапейскім кантынэнце аб`яднаньняў», — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама паведаміў, што сустрэчы кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расея — АБСЭ будуць праходзіць у Менску на рэгулярнай аснове. Такая прапанова была ўнесена Пятром Парашэнкам, і зь ёй згадзіліся ўсе бакі.

«Усе згадзіліся з прапановай прэзыдэнта Ўкраіны аб тым, каб зрабіць Менск рэгулярнай пляцоўкай для кантактнай групы па Ўкраіне», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго , Пятро Парашэнка настойваў, каб экспэрты сустрэліся ўжо заўтра. Пры гэтым Лукашэнка ня стаў удакладняць, ці адбудзецца 27 жніўня сустрэча групы.