Шкода ад землятрусу ў Каліфорніі можа дасягнуць мільярда даляраў

Магутны землятрус, які адбыўся раніцай у нядзелю ў Каліфорніі і закрануў гістарычны вінаробны раён Даліна Напа, нанёс шкоду застрахаванай уласнасьці на сотні мільёнаў даляраў. Аднак, на думку экспэртаў, эканамічныя страты рэгіёну будуць у некалькі разоў большымі.

Землятрус магнітудай 6.0, самы магутны ў рэгіёне Сан-Францыска за 25 гадоў, адбыўся раніцай у нядзелю паблізу Напы. У выніку пацярпелі больш за 200 чалавек, таксама нанесены шкоду дзясяткам будынкаў у маляўнічым раёне на паўночны усход ад Сан-Францыска, паведамляе агенцтва Reuters.

Паводле мясцовых уладаў, па меншай меры 49 дамоў у Напе, горадзе з 77-тысячным насельніцтвам, прызнаныя небясьпечнымi для знаходжаньня. Сярод іх — цэнтар для пажылых жыхароў Напы і будынак суду.

Землятрус адбыўся ў разгар сэзону збору вінаграду ў акрузе Напа — буйным вінаробным раёне, які зьяўляецца крыніцай тысяч працоўных месцаў у рэгіёне.

Паводле ацэнак кампаніі Corelogic, якая займаецца мадэляваньнем катастроф, агульны эканамічны урон застрахаванай уласнасьці можа скласьці ад паўмільярда да мільярда даляраў, паведамляе Reuters.