У непрызнанай Абхазіі новым прэзыдэнтам стаў выпускнік Менскай школы КДБ

На прэзыдэнцкіх выбарах у самаабвешчанай рэспубліцы Абхазія, якія адбыліся ў нядзелю, паводле папярэдніх вынікаў, перамог лідэр апазыцыі Рауль Хаджымба.

Паводле інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі непрызнанай у сьвеце рэспублікі, ён набраў больш за 50 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў. Яго найбліжэйшы супернік — кіраўнік службы бясьпекі Абхазіі Аслан Бжанія набраў амаль 36 працэнтаў галасоў. Яўка на выбарах склала 70 працэнтаў.

Згодна з заканадаўствам Абхазіі, пераможцам у першым туры становіцца той кандыдат, які набярэ 50 працэнтаў галасоў плюс адзін голас. Раней аб сваёй перамозе заявіў сам Рауль Хаджымба. Інфармацыю аб тым, што на выбарах лідзіруе Хаджымба, пацьвердзілі і ў штабе яго суперніка Аслана Бжаніі.

У чэрвені былы прэзыдэнт Абхазіі Аляксандр Анкваб сышоў у адстаўку пад ціскам апазыцыі, якая запатрабавала правядзеньня палітычных рэформаў, у тым ліку абмежаваньня паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы.

Абхазія абвясьціла ў аднабаковым парадку сваю незалежнасьць ад Грузіі ў 1993 годзе. У 2008 годзе, пасьля ўзброенага канфлікту паміж Расеяй і Грузіяй, незалежнасьць рэспублікі была прызнана Расеяй. Згодна з рэзалюцыям Генэральнай Асамблеі ААН, Абхазія зьяўляецца часткай Грузіі. Тбілісі ўжо заявіў, што не прызнае вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у самаабвешчанай рэспубліцы.

Рауль Хаджымба, як паведамляе біяграфічны артыкул у Вікіпедыі, вучыўся ў 1985—1986 гг. у Менскай школе КДБ для людзей з вышэйшай адукацыяй, потым з 1986 па 1992 гг. працаваў у Ткуарчальскім гараддзеле КДБ Абхазіі, піша Наша Ніва.