Першапачаткова гэту навіну у рубрыцы «Зводкі з фронту» разьмясьціў сайт сэпаратыстаў novorosinform.org, паведаміўшы, што Стралкоў-Гіркін цяжка паранены. Пазьней Дзяніс Пушылін (былы старшыня вярхоўнай Рады самаабвешчанай ДНР) разьмясьціў відэа на YouTube, у якім ён кажа, што прыйшла інфармацыя пра раненьне Стралкова, але ён чакае дэталяў і пацьвярджэньня.
Прэсавы сакратар міністэрства абароны самаабвешчанай ДНР Вячаслаў Брыг назваў навіну хлусьнёй і наўмыснай спробай дэзынфармацыі.
Расейскія і ўкраінскія СМІ разглядаюць Стралкова як ключавую фігуру сэпаратысцкага руху ва Ўкраіне. Першапачаткова ён меў штаб-кватэру ў Славянску, а пасьля яго вызваленьня перабраўся ў Данецк, дзе кіраваў апэрацыяй супраціўленьня сэпаратыстаў ўкраінскім урадавым сілам.
Паводле некаторых крыніцаў 44-гадовы Стралкоў-Гіркін —палкоўнік расейскай ваеннай выведкі ГРУ. Ён мае багатую ваенную кар’еру, удзельнічаў у баявых апэрацыях у Чачні, Прыднястроўі, ў 90-я гады пачынаў у расейскай сэкцыі добраахвотнікаў падчас вайны ў Босьніі.
Інфармацыю пра раненьне аднаго з лідэраў прарасейскіх сэпаратыстаў, так званага міністра абароны самаабвешчанай "Данецкай народнай рэспублікі" Ігара Стралкова пацьвярджаюць і абвяргаюць.