ААН: Колькасьць загінулых ва Ўкраіне вырасла ўдвая за два тыдні

На пачатак гэтага тыдня колькасьць ахвяраў канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны павялічылася ў 2 разы і дасягнула 2086 чалавек, — паведамляе прэсавая служба Рады ў правох чалавека ААН.

На 26 ліпеня колькасьць улічаных ААН загінулых складала 1129 чалавек.

«Гэта наўпрост кажа пра ўзмацненьне канфлікту», — пракамэнтавала новыя дадзеныя прэсавая сакратарка Рады Сэсіль Пуі журналістам. Пачынаючы зь сярэдзіны красавіка, у Данецкай і Луганскай абласьцях у сярэднім гіне каля 60 чалавек. Больш за 5 тысяч чалавек былі параненыя за чатыры месяцы баёў.