Канфлікт паміж Армэніяй і Азэрбайджанам нарастае пры ўзаемных абвінавачаньнях

Пашкоджаныя дзьверы вясковага дому на армянскім баку мяжы.

Міжнароднай супольнасьці варта прымяніць сур’ёзныя санкцыі супраць Армэніі, заяўляе МЗС Азэрбайджану. Міністэрства выступіла з заявай у сувязі з эскаляцыяй напружанасьці на лініі судакрананьня армянскіх і азэрбайджанскіх войскаў.

У заяве адзначаецца, што ўзброеныя сілы армянскага боку, парушыўшы на працягу апошніх дзён рэжым спыненьня агню на армяна-азэрбайджанскай мяжы і лініі судакрананьня войскаў, зьдзейсьнілі напады на пазыцыі азэрбайджанскай арміі.

МЗС Азэрбайджану адзначае, што ігнараваньне агрэсіўнай Армэніяй адпаведных рэзалюцый рады Бясьпекі ААН, ажыцьцяўленьне палітыкі этнічнай чысткі, выгнаньне больш за 1 мільёна чалавек з родных месцаў і зьдзяйсьненьне падобных правакацыйных крокаў, якiя наносяць шкоду мірнаму працэсу, даюць падставу, каб міжнародная супольнасьць ужыла сур’ёзныя санкцыі супраць Армэніі

Тым часам Міністэрства абароны Нагорнага Карабаху наадварот вінаваціць у эскаляцыі канфлікту Азэрбайджан. У заяве міністэрства сьцьвярджаецца, што ў пэрыяд з 28 ліпеня па 3 жніўня на розных участках лініі судакрананьня узброеныя сілы Азэрбайджана зрабілі больш за пяць разьведвальна-дывэрсійных апэрацый, у кожнай зь якіх, атрымаўшы годны адпор і несучы шматлікія страты, былі адкінутыя на зыходныя пазыцыі.

Міністэрства сьцьвярджае, што ў Азэрбайджану 25 забітых, больш за 30 параненых, у армянскага боку — 5 забітых, 7 параненых.