Паводле дыпляматаў, прадстаўнікі 28 краінаў Зьвязу дасягнулі прынцыповай дамоўленасьці аб захадах дзеля абмежаваньня доступу Расеі да рынкаў капіталу, абмежаваньня паставак ёй тавараў падвойнага прызначэньня і шэрагу тэхналёгіяў — перш за ўсё, для энэргетычнага сэктару. Санкцыі закрануць таксама расейскі абаронны сэктар.
Дакумэнты перададзеныя Эўрапейскай Камісіі, якая павінна прадставіць іх у канчатковай рэдакцыі да аўторка, калі прадстаўнікі краінаў Эўразьвязу зноў зьбяруцца ў Брусэлі.
Чакаецца, што сёньня будзе апублікаваны ўзгоднены напярэдадні новы санкцыйны сьпіс з 15 расейскіх і ўкраінскіх грамадзянаў і 18 кампаніяў, якія абвінавачваюцца ў датычнасьці да парушэньня тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны.
У пятніцу Японія заявіла, што разгледзіць пытаньне аб санкцыях супраць Расеі ў зьвязку з крушэньнем на ўсходзе Ўкраіны малайзійскага лайнэра, які, як мяркуецца, быў зьбіты ракетай. У ноч на пятніцу аб намеры ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да шэрагу расейскіх кампаніяў абвясьціла Канада. Паводле словаў прэм’ер-міністра Стывена Харпэра, абмежаваньні закрануць канцэрны «Новатэк» і «Калашнікаў», а таксама «Газпромбанк» і «Зьнешэканомбанк».