Без надзеі на апраўданьне

Маскоўскі гарадзкі суд прызнаў вінаватымі Сяргея Ўдальцова і Леаніда Развазжаева.

Маскоўскі гарадзкі суд 24 ліпеня абвяшчае прысуд па справе ў дачыненьні да лідэраў «Левага фронту» Сяргея Ўдальцова і Леаніда Развазжаева. Яны ўжо прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі масавых беспарадкаў 6 траўня 2012 году на Балотнай плошчы ў Маскве і ў спробе арганізаваць беспарадкі ў іншых гарадах Расеі. Леаніду Развазжаеву, акрамя гэтага, таксама прад’яўленыя абвінавачваньні ў незаконным перасячэньні расейскай мяжы.

Прадстаўнікі пракуратуры папрасілі суд прысудзіць абодвух апазыцыянэраў да 8 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Леанід Развазжаев і Сяргей Удальцоў віну не прызналі, лічачы крымінальны перасьлед помстай за іх палітычную дзейнасьць. Пры гэтым мала хто з абаронцаў і прыхільнікаў падсудных спадзяваўся, што Сяргея Ўдальцова і Леаніда Развазжаева апраўдаюць.

— Я звычайна непапраўны аптыміст, — кажа адвакат Леаніда Развазжаева Дзьмітры Аграноўскі. — Але ў дадзеным выпадку я нічога добрага не чакаю. Прысуд будзе абвінаваўчы зь верагоднасьцю 100%. Што тычыцца тэрмінаў, паважаны суд ні разу за ўвесь працэс ня даў магчымасьці западозрыць яго ў нейкі дабрыні ці ляяльнасьці да нас, таму я ня думаю, што тэрмін будзе ўмоўны або невялікі.

Крымінальную справу ў дачыненьні да Сяргея Ўдальцова і Леаніда Развазжаева Маскоўскі гарадзкі суд разглядаў каля пяці месяцаў. Прадстаўнікі дзяржаўнага абвінавачваньня заявілі, што лічаць віну апазыцыянэраў цалкам даказанай. Яна, на думку пракурораў, пацьвердзілася прадстаўленымі ў судзе відэазапісамі, паказаньнямі сьведак і рознымі дакумэнтамі. У прыватнасьці, пракуроры заяўлялі, што падзеі 6 траўня 2012 году былі сплянаваныя і прайшлі цалкам па сцэнары Ўдальцова, Развазжаева і грузінскага палітыка Гіві Таргамадзэ, які, паводле вэрсіі абвінавачваньня, дапамагаў апазыцыянэрам рыхтаваць захоп улады ў Расеі.

Паводле пракурораў, знойдзеныя на месцы забароненыя прадметы: палкі, бітае шкло, газавыя балёнчыкі — сьведчылі аб тым, што «людзі рыхтаваліся да масавых беспарадкаў». Гэтую вэрсію, як сьцьвярджае дзяржаўнае абвінавачаньне, таксама пацьвярджаюць паказаньні сьведак, у якіх гаварылася, што агрэсіўна настроены і ўзброены натоўп людзей прарваў паліцэйскае ачапленьне на падыходзе да Вялікага Каменнага мосту, пасьля чаго ў паліцыю паляцелі кавалкі асфальту і пустыя бутэлькі.

Пракуроры лічаць, што Сяргей Удальцоў і Леанід Развазжаеў інструктавалі людзей, як паводзіць сябе падчас беспарадкаў, на сэмінарах у Літве. Таксама апазыцыянэры стварылі базу і рассылалі SMS-паведамленьні аб акцыях, якія рыхтаваліся. На думку пракурораў, гэта кажа аб тым, што актывісты «Левага фронту» рыхтавалі далейшыя беспарадкі ў іншых гарадах Расеі. Акрамя таго, паводле пракуратуры, гэта пацьвярджаецца паказаньнямі Канстанціна Лебедзева, трэцяга фігуранта справы.

Канстанцін Лебедзеў, якому былі прад’яўленыя тыя ж абвінавачваньні — у арганізацыі масавых беспарадкаў 6 траўня і падрыхтоўцы да іншых беспарадкаў, — віну прызнаў. У красавіку 2013 яго прысудзілі да 2,5 гадоў калёніі, а праз год адпусьцілі ўмоўна-датэрмінова.

6 траўня 2012 году апазыцыйная акцыя «Марш мільёнаў» завяршылася сутыкненьнямі дэманстрантаў з паліцыяй. Гэтыя падзеі былі кваліфікаваныя Сьледчым камітэтам як масавыя беспарадкі, была ўзбуджаная крымінальная справа. Яе фігурантамі сталі больш за 30 чалавек, 11 зь іх ужо асуджаныя, яшчэ 13 амніставаныя.