Кіеў. Ёлка Эўрамайдану, якая пачала адлік новай эпохі

На майдане Незалежнасьці ў Кіеве адной з асноўных адметнасьцяў дагэтуль застаецца навагодняя ёлка, упрыгожаная плякатамі, сьцягамі і іншымі сымбалямі пратэсту, які зьмяніў Украіну.

Мантаж навагодняй ёлкі на кіеўскім Майдане пачалі 12 лістапада 2013 году. Вышыня ёлкі павінна была складаць амаль 35 мэтраў, дыямэтар ніжняга яруса галін — 12,5 мэтраў, вага з упрыгожаньнямі — да 30 тон. Урачыста адкрыць яе кіеўская адміністрацыя плянавала 19 сьнежня — у дзень сьвятога Мікалая.

Але 21 лістапада 2013 году, пасьля адмовы ўкраінскага ўраду падпісваць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам, на Майдане прайшла першая масавая пратэстная акцыя. Яна стала пачаткам Эўрамайдану і вялікай хвалі пратэстаў. 1 сьнежня ў дэманстрацыях на вуліцах Кіева ўзялі ўдзел ад 350 000 да 700 000 чалавек. Ёлка, якая стаяла ў цэнтры ўсіх падзеяў, так і не зазьзяла сьвяточнымі агнямі, але абрасла шматлікімі сьцягамі, плякатамі і банэрамі з заклікамі і лёзунгамі Эўрамайдану.

Галоўная ёлка Ўкраіны ператварылася ў сапраўдны арт-аб’ект і сымбаль Эўрамайдану, Кіева і ўсіх рэвалюцыйных падзеяў. Яна ж у сьнежні стала для «Бэркута» нагодай штурмаваць Эўрамайдан, удзельнікі якога не давалі кіеўскім уладам яе ўпрыгожыць.

Ёлка крыху зьмяніла выгляд, але і дагэтуль стаіць сярод шматлікіх намётаў пратэстоўцаў на кіеўскай плошчы Незалежнасьці. Сьцягі пашкуматаў вецер, сярод плякатаў рэвалюцыйнай тэматыкі зьявіліся і новыя, прысьвечаныя актуальным падзеям ва Ўкраіне.

Павал Белавус, удзельнік інфармацыйнай паездкі «Ў краіне ідэяў», якую арганізавала грамадзкая арганізацыя «Belarus Watch», паблукаў вакол ёлкі ды падрабязна адфатаграфаваў, з чаго яна цяпер складаецца ды што ля яе адбываецца.