Украіна мабілізуецца: прызвалі «аўганцаў» і людзей з вопытам

Украіна працягвае мабілізацыю ў войска і іншыя ваенныя фарміраваньні — для вызваленьня ад баевікоў гарадоў Данбасу. Адпаведны ўказ прэзыдэнта падтрымала ў аўторак Вярхоўная Рада. Асаблівасьць новай хвалі мабілізацыі — у тым, што прызавуць у ваенныя шэрагі толькі людзей з ваенным вопытам, якія маюць спэцыяльнасьці, запатрабаваныя ў антытэрарыстычнай апэрацыі. Ва ўрадзе абяцаюць, што навабранцы будуць мець усё неабходнае і першы месяц толькі вучыцца.

22 ліпеня Вярхоўная Рада падтрымала ўказ прэзыдэнта аб частковай мабілізацыі. Навабранцы папоўняць рады Узброеных сіл, Нацыянальнай гвардыі, СБУ, памежнай службы і іншых воінскіх фарміраваньняў.

Паводле сакратара РНБА Андрыя Парубія, гэта дазволіць дадаткова прывесьці ў баявы стан 15 баявых частак і 44 часткі тылавога забесьпячэньня. «Каб падтрымаць нашых хлопцаў на перадавой, узмацніць нашы Ўзброеныя сілы і правесьці ратацыю, мы павінны правесьці частковую мабілізацыю. Маем на гэта 45 дзён», — адзначыў сакратар РНБА.

Парубій: пойдуць толькі былыя вайскоўцы і добраахвотнікі

Зараз можна прызваць і людзей старэйшага ўзросту, якія маюць вопыт баявых дзеяньняў у Аўганістане і іншых гарачых кропках.

Парубій адзначыў, што мабілізацыя ахопіць толькі людзей, якія маюць досьвед ваеннай службы і добраахвотнікаў, прычым яны будуць ісьці толькі на тыя спэцыяльнасьці, якія неабходныя для канкрэтных падразьдзяленьняў. Прадстаўнікі парлямэнцкай большасьці тлумачаць, што праводзіць ужо трэцюю частковую мабілізацыю прымушаюць дзеяньні Расеі, якая працягвае падтрымліваць баевікоў на ўсходзе Ўкраіны і пастаўляць туды сваю тэхніку і наймітаў. Пра гэта, у прыватнасьці, заявіў Радыё Свабода дэпутат фракцыі «Удар» Паўло Рызаненка:

«Частковая мабілізацыя найперш патрэбна для ратацыі, — адзначыў ён. — Таму што ёсьць падразьдзяленьні, якія знаходзяцца ў зоне АТА нязьменна. Зараз можна прызваць і людзей старэйшага ўзросту, якія маюць вопыт баявых дзеяньняў у Аўганістане і іншых гарачых кропках. Гэтым разам ня будзе прызыву 18-гадовых неабстраляных юнакоў». Аб’ёмы мабілізацыі канчаткова вызначыць кіраўнік дзяржавы з кіраўніцтвам АТА, падсумаваў дэпутат.

Дэпутат Уладзімір Літвін адзначыў, што гэтым разам могуць мабілізаваць больш за 20 тысяч чалавек.

Студэнты і асьпіранты стацыянару вызваленыя ад мабілізацыі.

Трэцяя мабілізацыя: праца над памылкамі

Мабілізацыя ва ўмовах фактычнай вайны з прарасейскімі баевікамі і расейскімі наймітамі неабходная для Ўкраіны, але ў яе правядзеньні варта пазьбягаць тыповых памылак, якія ўжо мелі месца падчас папярэдніх прызываў, патлумачыў Радыё Свабода віцэ-прэзыдэнт Цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў і аналізу Аляксандар Скіпальскі.

Хлопцы, якія зараз праходзяць „абкатку“ ў баявых дзеяньнях на Данбасе — гэта будучыя ваеначальнікі.

«Можа быць нават не частковая, а поўная мабілізацыя. Павелічэньне колькасьці прызыўнікоў дазволіць падрыхтаваць іх у навучальных цэнтрах, а не прызываць роўна столькі, колькі трэба для ратацыі, да без падрыхтоўкі кідаць у бой. Нам трэба ўмацаваць узброеныя сілы. Хлопцы, якія зараз праходзяць „абкатку“ ў баявых дзеяньнях на Данбасе — гэта будучыя ваеначальнікі. Мабілізацыю варта праводзіць у адпаведнасьці са станам здароўя, ваеннай спэцыяльнасьці, і агнём выпаліць карупцыю. Калі гэты чалавек патрэбен у арміі — ня важна, чый ён сват ці брат», — рэзюмуе ваенны экспэрт.

Калі мабілізацыя праводзілася ў пачатку баявых дзеяньняў на Данбасе, шмат сваякоў салдат у сацыяльных сетках скардзіліся, што мабілізаваных трымаюць у казармах без належных умоваў, і яны нічым не займаюцца і чакаюць немаведама чаго, многім не хапае нават адзеньня і абутку. Цяпер Мінабароны і МУС запэўніваюць, што навабранцы будуць мець усё неабходнае. Журналісты ж, якія працуюць у зоне АТА, адзначаюць, што дзяржава ў поўнай меры дае воінам толькі зброю і боепрыпасы, усяго астатняга — часта не хапае.

Між тым украінская армія за апошнія месяцы паднялася на 21-е месца ў рэйтынгу армій сьвету, які рэгулярна вызначае амэрыканскае выданьне Business Insider. У прыватнасьці, украінскія ўзброеныя сілы за баяздольнасьцю апярэдзілі войска Саудаўскай Аравіі, Ірану, Паўднёвай Карэі, Швэйцарыі і яшчэ шэрагу эўрапейскіх краін. Экспэрты лічаць, што гэта адбылося ня столькі дзякуючы дадатковаму ўзбраеньню ваенных, колькі за кошт баявога духу і ўнікальнага вопыту, які украінцы атрымалі, вызваляючы ад прарасейскіх баевікоў гарады Данбасу.