Катастрофа з «Боінгам» баевікоў не спыніла, пералому ў вайне няма — Тымчук

Дзьмітры Тымчук

Пасьля катастрофы малайзійскага самалёта ў Данбасе прарасейскія баевікі сталі яшчэ больш інтэнсіўна пераганяць вайсковую тэхніку з Расеі, адзначыў у інтэрвію Свабодзе ваенны экспэрт Дзьмітры Тымчук.

Пра хаду антытэрарыстычнай апэрацыі ў сьвятле міжнароднага дасьледаваньня прычынаў катастрофы малайзійскага «Боінга» Радыё Свабода расказаў украінскі ваенны аналітык, кіраўнік «Інфармацыйнага супраціву» Дзьмітры Тымчук.

— Спадар Дзьмітры, ці можна казаць, што катастрофа малайзійскага «Боінга» стала пераломным пунктам у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны — у тым пляне, што цяпер прарасейскія баевікі не выкарыстоўваюць супрацьпаветраную тэхніку і не зьбіваюць украінскія самалёты?

— Абсалютна не. Пасьля катастрофы ўкраінская авіяцыя не зьбіваецца толькі таму, што сілы АТА цяпер не выкарыстоўваюць авіяцыю. Цяпер АТА ідзе ў межах вызваленьня населеных пунктаў, і авіяцыя там не выкарыстоўваецца ў мэтах недапушчэньня гібелі мірных жыхароў. Раней яна выкарыстоўвалася толькі тады, калі гаворка вялася пра зьнішчэньне апорных пунктаў тэрарыстаў па-за населенымі пунктамі. Але нельга казаць, што баевікі цяпер асьцерагаюцца мець справу з авіяцыяй. Наадварот, учора тэрарысты заявілі, што зьбілі ўкраінскі самалёт, што было дэзынфармацыяй. Аднак гэты факт сьведчыць пра тое, што баевікі і далей гатовыя прыцягваць сродкі супрацьпаветранай абароны і зьбіваць самалёты.

Катастрофа з «Боінгам» баевікоў не спыніла. Тое самае мы бачым і з расейскага боку: працягваецца перакідваньне тэхнікі і наёмнікаў. Адзінае, мы зафіксавалі вывад назад у Расею трох ЗРК «Бук». Але гэта зроблена для таго, каб баевікі не папаліся на гарачым, каб не было зафіксавана, што «Букі» ў іх усё ж ёсьць. Іншая тэхніка — танкі, РСЗА «Град» — перакідваецца з Расеі без аніякіх абмежаваньняў і нават яшчэ больш інтэнсіўна. Таму пра нейкі пераломны момант у гэтай вайне казаць немагчыма.

— Разам з тым ёсьць паведамленьні пра пэўныя посьпехі сіл АТА. Гэта значыць, што і ўкраінская армія наступае...

— Так, учора вызвалілі тры гарады — Дзяржынск, Севераданецк і Лісічанск. Аднак захоўваецца вельмі складаная сытуацыя ў шэрагу населеных пунктаў, якія маюць вялікую колькасьць насельніцтва. Гэта найперш Луганск і Данецк. Гэтыя гарады цяпер часткова блякаваныя тэрарыстамі. Праблема для нас у тым, што далей баявыя дзеяньні там будуць моцна ўскладненыя знаходжаньнем там вялікай колькасьці насельніцтва. Таму сілам АТА выкарыстоўваць артылерыю і авіяцыю там будзе немагчыма. Разам з тым у нас ёсьць зьвесткі пра тое, што баевікі ў гэтых гарадах рыхтуюцца да абароны. Прычым агнявыя кропкі яны абсталёўваюць у кватэрах жылых дамоў з такім разьлікам, што сілавікі ня будуць весьці агонь па людзях, іншымі словамі, выкарыстоўваюць мірнае насельніцтва як «жывы шчыт». Таксама вельмі сур’ёзная сытуацыя ў нас на памежных тэрыторыях, найперш у Данецкай вобласьці. Таксама цяжка ў Горлаўцы, Краснадоне, Папаснай.

— Мясцовыя жыхары ў Луганску кажуць, што горад проста сьціраюць зь зямлі, абстрэльваючы «Градамі» і мінамётамі. Прычым разабрацца, хто страляе, практычна немагчыма, бо страляюць усе — і сэпаратысты, і ўкраінскія салдаты. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць?

— Учора была цікавая сытуацыя. Так званы міністар абароны «ДНР» Ігар Гіркін заявіў пра тое, што населеныя пункты абстрэльваюць з РСЗА «Град» і «Сьмерч» украінскія вайскоўцы, што адразу трапіла ў расейскія СМІ. Ён таксама сказаў, што зараз украінцы пачнуць распаўсюджваць інфармацыю, што гэта абстрэльваюць сэпаратысты. Але тут жа ў інтэрнэце зьявілася відэа, зробленае мясцовымі жыхарамі, дзе бачна, што Данецк абстрэльваецца з тэрыторыі, якая кантралюецца баевікамі. Вось так дзейнічаюць сэпаратысты. Аднак я згодны, што падчас любых баявых дзеяньняў, якія вядуцца ў межах гораду, нельга пазьбегнуць стратаў сярод мірнага насельніцтва. Разам з тым абсалютна пацьверджана і тое, што сілавікі не вядуць агонь па жылых дамах. Наконт гэтага ёсьць вельмі строгае і дакладнае распараджэньне вярхоўнага галоўнакамандуючага Пятра Парашэнкі, і за гэтым вельмі пільна сочаць. Так, могуць быць выпадковыя ахвяры, але мэтанакіраваных абстрэлаў з боку сілавікоў ня можа быць апрыёры. А мы назіраем, што ідзе абстрэл артылерыяй па дамах, ідзе прыцэльны агонь..

— Чаму ж кіраўніцтва Ўкраіны не эвакуюе мірных жыхароў з гэтых «гарачых» гарадоў — Данецку і Луганску? Калі б там не было мірных жыхароў, то ва ўкраінскіх сілавікоў зьявілася б дадатковая прастора для дзейнасьці.

— Па-першае, ёсьць сьведчаньні таго, што мірным жыхарам не даюць эвакуавацца самі тэрарысты. І сапраўды, яны добра разумеюць: калі ня будзе мірных жыхароў, гэта значыць «жывога шчыта», то ў іх адразу зьменшацца шанцы на працяг супраціву. Таму яны робяць усё магчымае, каб гэтых мірных жыхароў было як мага больш. Па-другое, праводзіць эвакуацыю з гораду, які кантралюецца іншым бокам, украінская ўлада ня можа. Нават калі б гутарка вялася пра тое, што мы, як у гады Вялікай Айчыннай вайны, адступаем і эвакуюем свае населеныя пункты, то і тады б процьма людзей заставалася на месцы, не жадаючы ехаць невядома куды і кідаць сваё жытло. Але тут Украіна ня можа праводзіць эвакуацыю на варожай тэрыторыі, бо натуральна, што яна кантралюецца нашым праціўнікам.