Брытанія: Расея блякуе рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН па «Боінгу-777»

Гэта тэма стала прадметам абмеркаваньня на паседжньні міністра замежных спраў Брытаніі Філіпа Хаманда з прадстаўнікамі ўраду, паліцыі і іншых структураў з нагоды катастрофы МН17 — паведамляе прэс-служба брытанскага ўраду.

«Яны выказалі моцную занепакоенасьць з-за адсутнасьці прагрэса ў забесьпячэньні доступа да месца катастрофы для ідэнтыфікацыі і рэпатрыяцыі ахвяраў. Як раней зазначалі прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў, прэзыдэнт Пуцін мусіць скарыстаць свой уплыў на сэпаратыстаў, каб тыя дазволілі неадкладны і бесперашкодны доступ да месца катастрофы, а з ахвярамі абыходзіліся годна і з павагай. Абсалютна непрыймальна, што расейскі ўрад блякуе далейшы ціск з боку Рады бясьпекі ААН па гэтым пытаньні, сьцвярджаючы, што праблемы доступа да месца няма», — паведамілі ў брытанскім урадзе.

Самалёт «Боінг-777» авіякампаніі «Малайзійскія авіялініі» быў зьбіты 17 ліпеня на ўсходзе Ўкраіны. 298 чалавек загінула, сярод іх 80 дзяцей. Служба бясьпекі Ўкраіны заяўляе, што мае доказы таго, што злачынства зьдзейсьнена прарасейскімі сэпаратыстамі.