Алеся Сівохіна: «Рыгор Барадулін адаптаваў для мяне свае вершы»

Your browser doesn’t support HTML5

Яна — выпускніца Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, магістар Манчэстэрскага ўнівэрсытэту (Вялікабрытанія), высокаадукаваны псыхоляг. Але творчая натура перамагла здабытую прафэсію.

Гітарыстка капэлі Алеся Лася, сьпявачка, кампазытарка, мастацкі кіраўнік Народнага літаратурнага тэатру «Жывое слова» Алеся Сівохіна — гераіня новага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«Калі я прыйшла ў тэатар, то не плянавала застацца тут назаўсёды і тым больш ня думала, што буду кіраваць гэтым моладзевым калектывам. Тады гэта была патрэба выказаць сябе. Я вельмі любіла сьпяваць тады ўжо і граць на гітары, мне вельмі хацелася нешта тое, што ў мяне на душы, данесьці да людзей. Ва ўнівэрсытэце ў нас усе былі сканцэнтраваныя на вучобе, і гэта правільна. Мне ж хацелася неяк яшчэ сябе выказваць, але дзе і куды прыткнуцца, ня ведала. І тут мая сяброўка Валянціна Праўдзіна паклікала мяне ў тэатар „Жывое слова“, у якім яна тады грала. І яна сваёй упартасьцю зацягнула мяне туды. І — усё.

Сталкеры Свабоды

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»

Людзі, студэнты нашы, калі яны выходзяць на сцэну і нешта кажуць, яны кажуць гэта ад сябе. І гэта менавіта тое, што ляжыць у іх на душы, і яны хочуць гэта данесьці да гледачоў.

Наш тэатар — найстарэйшы сярод такіх студэнцкіх моладзевых калектываў. Праз год мы будзем сьвяткаваць пяцьдзясят.

Трымае мяне ў ім беларуская мова. Мы працуем выключна па-беларуску. Гэта ня значыць, што мы ставім творы толькі беларускіх аўтараў. Самі перакладаем, калі бывае вельмі цікавая іншамоўная п’еса і вельмі хочацца расказаць гледачу тое, што ў ёй.

Вершаў я не пішу, бо людзі, якія ўсё жыцьцё займаюцца тым, што пішуць вершы, робяць гэта цудоўна. Яны так чыста і празрыста даносяць сваю думку праз слова, што мне такога не дасягнуць. Я шукаю ў іх сугучнага мне ў пэўны момант рытму, сугучных думак, якія б я выказала так. Бывае, чытаеш-чытаеш і думаеш: о, гэта менавіта той верш, які я, калі б магла пісаць вершы, напісала б менавіта так, слова ў слова.

Здарылася так, што для мяне Рыгор Барадулін адаптаваў свае вершы, песьні на якія выконваю. Напэўна, на гэта вельмі Алесь Камоцкі паўплываў, ён папрасіў паэта зрабіць гэта. Мне вельмі блізкая гэтая паэзія Рыгора Барадуліна і вельмі блізкая манера, у якой паклаў вершы Барадуліна на музыку Алесь Камоцкі».