У Кітаі разьбіўся аўтобус. Амаль 40 чалавек загінулі

На паўднёвым усходзе Кітая пры сутыкненьні аўтобуса з аўтафургонам загінулі ня менш за 38 чалавек. Агенцтва «Сіньхуа» паведаміла, што катастрофа адбылася ў правінцыі Хунань. Кіроўца фургона ўрэзаўся ў пасажырскі аўтобус, які ехаў перад ім, што прывяло да выбуху і пажару. Яшчэ некалькі аўтамабіляў атрымалі моцныя пашкоджаньні.

Некалькі дзён таму ў той жа правінцыі пры падзеньні аўтобуса ў вадасховішча загінулі адзінаццаць чалавек, восем зь іх — дзеці.