Дэпутатку Бундэстагу ўпершыню за тры гады пусьцілі ў Беларусь

Марылюіза Бэк (Marieluise Beck), архіўнае фота

Менск наведала дэпутат Бундэстагу ад Партыі зялёных Марылюіза Бэк, яна сустрэлася зь некаторымі беларускімі палітыкамі, праваабаронцамі, сваякамі палітвязьняў ды афіцыйнымі асобамі.

Удзельнікі сустрэчаў з Марылюізай Бэк не выключаюць, што яе візыт зьвязаны са спробамі Захаду распачаць чарговы дыялёг зь беларускімі ўладамі.

Марылюіза Бэк атрымала візу ў Беларусь упершыню пасьля трох гадоў адмоваў. 17 ліпеня ў Менску яна сустрэлася з шэрагам асобаў, у тым ліку прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, а ўжо ў першай палове дня 18 ліпеня пакінула Беларусь:

«Яна ўжо ў аэрапорце ў Менску. Мяркую, яна вылятае празь некалькі хвілін. На жаль, зь ёй сувязі ўжо няма, ва ўсякім разе ў мяне. Калі цікава пра візыт, перазваніце ў панядзелак, будзе больш інфармацыі», — паведамілі ў бэрлінскім офісе дэпутаткі. Паводле суразмоўцы, у Менску Марылюіза Бэк сустракалася, у прыватнасьці, з прадстаўнікамі МЗС Беларусі.

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч ды намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч сустракаліся з Марылюізай Бэк увечары 17 ліпеня. Паводле Аляксея Янукевіча, яны абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі, а таксама становішча ва ўсім рэгіёне, на якое вялікі ўплыў аказваюць падзеі ва Ўкраіне.

Аляксей Янукевіч

«Сытуацыю з палітычнымі правамі людзей у Беларусі мы назвалі стабільна кепскай, а пра становішча ў рэгіёне зазначылі, што на яго вельмі небясьпечны ўплыў аказвае расейскі імпэрыялізм, з чым Марылюіза Бэк збольшага пагадзілася», — сказаў Аляксей Янукевіч. Таксама палітыкі абмеркавалі сытуацыю з палітвязьнямі і яе сувязь з магчымым дыялёгам паміж Эўропай ды беларускім рэжымам:

«Яна таксама лічыць вельмі важным, пазытыўным крокам вызваленьне Алеся Бяляцкага, але заўважыла, што гэтага недастаткова. Калі мы кажам, што першым пунктам у парадку дня пры дыялёгу з афіцыйным Менскам павінна быць вызваленьне ўсіх палітвязьняў, яна гэтую пазыцыю цалкам падтрымала і сказала, што так, гэтае пытаньне застаецца ў парадку дня».

Таксама ў Менску Марылюіза Бэк мела размову з былым палітвязьнем Зьмітром Дашкевічам і сваякамі палітвязьняў Марынай Адамовіч і Марынай Лобавай. Беларусы распавядалі Марылюізе Бэк, што для палітвязьняў, якія выйшлі на волю, фактычна няма рэабілітацыі. Зьміцер Дашкевіч на сваім прыкладзе патлумачыў, як супроць былых палітвязьняў ужываюць гэтак званы прэвэнтыўны нагляд, які значна абмяжоўвае асабістую свабоду і адкрывае шлях да новых рэпрэсіяў. Марына Адамовіч патлумачыла дэпутатцы Бундэстагу, чаму яе муж, Мікалай Статкевіч, ды іншыя палітвязьні адмаўляюцца падаваць прашэньні аб памілаваньні:

Марына Адамовіч

«Патлумачыла, што падача прашэньня аб памілаваньні нават без прызнаньня віны — гэта сьмешныя хітрыкі, бо само па сабе памілаваньне азначае вызваленьне ад адказнасьці, але адказнасьць наступае толькі пры наяўнасьці віны».

Марына Адамовіч мяркуе, што прыезд у Менск Марылюізы Бэк — пэўная выведка наконт сытуацыі ў Беларусі, каб распачаць новы дыялёг паміж Эўропай ды беларускім рэжымам. Гэтую ацэнку падзяляе і старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. А што думае пра місію спадарыні Бэк праваабаронца з БХК Алег Гулак, які таксама меў сустрэчу з дэпутаткай Бундэстагу?

«Ня ведаю, як ахарактарызаваць яе місію, але тое, што яна прыехала і мела магчымасьць сустракацца, выказвацца ды абменьвацца думкамі — гэта як мінімум вельмі цікава. Вельмі добра, што гэта цяпер адбылося, і наўрад ці гэта адбылося выпадкова. Пабачым, што будзе далей».