Новая тактыка сэпаратыстаў на Данбасе: «Грады» заяжджаюць з тэрыторыі Расеі

У Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны (РНБА) заявілі аб выяўленьні новых доказаў удзелу расейскай вайсковай тэхнікі ва ўзброеным канфлікце на Данбасе.

У сераду ўкраінскімі памежнікамі выяўленыя чарговыя прыкметы парушэньня дзяржаўнай мяжы Ўкраіны з боку Расеі, заявіў сьпікер Інфармацыйнага цэнтру РНБА Андрэй Лысенка.

«Так, прыблізна апоўдні памежны нарад на ўчастку Амвросіеўка Данецкага атраду выявіў засыпаны інжынэрны роў і прыкметы заезду на тэрыторыю Ўкраіны на глыбіню 70 мэтраў пяці адзінак вайсковай тэхнікі – верагодна сыстэмы «Град», – сказаў Лысенка.

Паводле яго, на месцы знойдзеныя парэшткі элемэнтаў ад адстралянага боезапасу.

На прылеглай тэрыторыі памежнікі таксама зафіксавалі трактар, які ўзворваў прымежную мясцовасьць, зьнішчаючы доказы перасячэньня мяжы на тэрыторыі Расеі.