Сэпаратысты ня маюць баявой авіятэхнікі, а сілы антытэрарыстычнай апэрацыі не зьдзяйсьнялі баявых вылетаў.
Такім чынам, авіяўдар магла нанесьці толькі расейская авіяцыя — робіць высновы вайсковы журналіст Дзьмітры Тымчук.
Авіяўдар па пасёлку Сьнежны ў Данецкай вобласьці быў нанесены сёньня зранку. Расейскія СМІ паведамляюць пра 10 загінулых.
Дьзмітры Тымчук, кіраўнік цэнтра вайскова-палітычных дасьледаваньняў, піша ў Фэйсбуку:
«Паводле нашых дадзеных, з учорашняга дня авіяцыя ўкраінскіх сілавікоў палётаў не выконвала. Адпаведна, дадзены авіяўдар ня мог быць зьдзейсьнены авіяцыяй украінскіх узброеных фармаваньняў.
Таксама паводле нашых дадзеных, тэрарысты ня маюць у сваім распараджэньні авіятэхнікі, здольнай выконваць баявыя заданьні. Хаця раней лідэры баевікоў і расейскія СМІ сьцьвярджалі, што ў тэрарыстычнай арганізацыі „ДНР“ нібыта ёсьць баявыя самалёты.
Такім чынам, авіяўдар па пасёлку Сьнежны магла зрабіць толькі расейская авіяцыя».
Прэс-сакратар Антытэрарыстычнай апэрацыі Ўладзіслаў Селязьнёў пацьвердзіў hromadske.tv, што сілы АТА баявых вылетаў не рабілі.