На Карлаварскім кінафэстывалі перамог фільм пра падзеі грузіна-абхаскага канфлікту

Грузінскі фільм «Кукурузны востраў» атрымаў перамогу на 49-м міжнародным кінафэстывалі ў Карлавых Варах. Фільм распавядае пра жыцьцё сям’і на фоне драматычных падзеяў на мяжы Грузіі зь яе сэпаратысцкім рэгіёнам Абхазіяй.

Галоўны прыз фэсту — «Крышталёвы глёбус» быў уручаны рэжысэру стужкі Георгію Авашвілі на ўрачыстай вячэры з нагоды закрыцьця кінафэстывалю.

Прызам глядацкіх сымпатыяў адзначаны чэскі фільм «Магічны голас бунтаркі» рэжысэркі Вольгі Соммеравай. Фільм прысьвечаны творчаму лёсу адной з самых вядомых сьпявачак Чэхіі Марты Кубішавай, чый голас стаў адным з пазыўных «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 года ў Чэхаславаччыне.

На кінафестывалі ў Карлавых Варах была прадстаўленая дакумэнтальная стужка «Майдан» беларуска-ўкраінскага рэжысэра Сяргея Лазьніцы, а таксама мастацкі фільм «Племя», у якім галоўную ролю сыграла беларуска.

На фестывалі таксама быў распаўсюджаны зварот Чэскага кіна-і тэлевізійнага саюзу (FITES), чэскай Асацыяцыі рэжысэраў і сцэнарыстаў і Асацыяцыі чэскіх кінаапэратараў «Свабоду зьняволенаму ў Маскве ўкраінскаму рэжысэру Алегу Сянцову. Захаваем тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны». Як паведамляюць чэскія СМІ, гэты зварот, які ўжо падпісалі больш за 36 тысяч чалавек, накіраваны прадстаўнікам улады Чэхіі.