З гэтай прычыны яму адмаўляюць у консульскіх паслугах. Такую заяву на брыфінгу зрабіла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады па правах чалавека Валерыя Луткоўская.
Паводле Луткоўскай, яна атрымала ад амбудсмэна Расеі адказ, які тлумачыць, чаму Сянцову адмоўлена ў консульскіх паслугах.
«Сваю адмову расейскі бок аргумэнтаваў тым, што Сянцову аўтаматычна, не добраахвотна было нададзена грамадзянства Расеі», — распавяла Луткоўская.
Паводле Луткоўскай, у адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам прыняцьце расейскага грамадзянства жыхарамі Крыму адбываецца аўтаматычна, калі грамадзянін не напісаў заявы пра нежаданьне рабіцца грамадзянінам РФ.
Луткоўская нагадвае, што рэжысэр Сянцоў працяглы час знаходзіцца ў сьледчым ізалятары і ня мог зрабіць такую заяву.
У той жа час у Лефортаўскім судзе Алег Сянцоў заяўляў пратэст супраць гвалтоўнага пазбаўленьня яго грамадзянства Ўкраіны.
11 траўня ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, які жыве ў Сымфэропалі, арыштавала ФСБ Расеі. Пазьней Сянцова перавезьлі ў Маскву і абвінавацілі ў прыналежнасьці да групоўкі «Правы сэктар», якая нібыта плянавала тэракты на тэрыторыі Крыму.
Алегу Сянцову пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Ён ня раз заяўляў пра катаваньні ў турме. Алег Сянцоў сам выхоўвае двух непаўналетніх сыноў, адзін зь якіх хворы на аўтызм.