Такія вынікі апытаньня, праведзенага Ўсерасейскім цэнтрам вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦИОМ).
За некалькі месяцаў доля рэспандэнтаў, якія дапускаюць, што паміж Расеяй і Ўкраінай у бліжэйшы час можа пачацца вайна, істотна вырасла – з 17% у канцы сакавіка да 30% у чэрвені. Адначасова, значна менш стала тых, хто лічыць неверагодным падобны сцэнар разьвіцьця падзей – сёньня так думаюць 54% (14% называюць ваенныя дзеяньні абсалютна немагчымымі, а 40% – вельмі малаверагоднымі), тады як у канцы сакавіка такіх было 80%. Нарэшце, 11% апытаных заявілі, што такая вайна ўжо ідзе.
Дзьве траціны расейцаў (66%) выказваюцца супраць увядзеньня расейскіх войскаў у Паўднёва-Усходнюю Ўкраіну з мэтай спыненьня ваеннага канфлікту. Эту пазыцыю пераважна падзяляюць пажылыя людзі (71% старэйшыя за 60 гадоў), жыхары буйных і сярэдніх гарадоў (74-75%). Аб неабходнасьці вайсковага ўмяшаньня з боку Расеі заяўляе чвэрць (27%) апытаных, і перш за ўсё жыхары Масквы і Санкт-Пецярбургу (41%), прыхільнікі КПРФ (35%), рэспандэнты зь нізкім даходам (35%).
Пры гэтым, разважаючы над тым, якія падзеі маглі б стаць прычынай для ўводу войскаў, ужо траціна рэспандэнтаў (33%) сказала пра тое, што Расеі ня варта гэтага рабіць ні пры якіх умовах.
Паводле словаў пятай часткі апытаных, расейскія войскі могуць увайсьці на ўкраінскую тэрыторыю, у першую чаргу, у выпадку, калі будуць працягваць гінуць мірныя жыхары ва Ўкраіне (18%), або калі паўстане пагроза тэрарыстычных актаў на тэрыторыі расейскай дзяржавы (18%), працягнуцца напады на КПП на расейска-ўкраінскай мяжы (18%).
Яшчэ 13% апытаных мяркуюць, што прычынай ваенных дзеяньняў можа быць увядзеньне войскаў НАТО на тэрыторыю Ўкраіны. А 10% прапанавалі б адгукнуцца на просьбы пра ўвод войскаў ад самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік.
Новыя выпадкі гібелі расейскіх журналістаў лічаць важкай падставай для ўводу войскаў 7% удзельнікаў апытаньня. Іншыя ж (7%) схільныя пагадзіцца на вайсковае ўмяшаньне пры ўмове працягу дывэрсій супраць расейскіх цягнікоў і газаправоду. І толькі 3% рэспандэнтаў заявілі, што ўсяго таго, што адбылося ўжо дастаткова для прыняцьця такога рашэньня.
Апытаньне ВЦИОМ праведзена 21-22, 28-29 чэрвеня 2014 году. Апытана 1600 чалавек у 130 населеных пунктах у 42 абласьцях, краях і рэспубліках Расеі. Статыстычная хібнасьць не перавышае 3,4%.