Служба бясьпекі Ўкраіны распачала крымінальную справу супраць расейскага журналіста Дзьмітрыя Кісялёва за фінансаваньне тэрарызму.
Пра гэта паведамляе агенцыя УНІАН са спасылкай на кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны Валянціна Налівайчанку.
«Арганізатары і фінансісты тэрарызму ва Ўкраіне сёньня становяцца ня толькі падазронымі, адносна іх, у тым ліку і кіраўніка гэтай інфармацыйнай агенцыі праводзіцца расьледаваньне, паводле артыкула фінансаваньне тэрарызму, садзейнічаньне тэрарыстычнай дзейнасьці», — заявіў кіраўнік СБУ, які ўдакладніў, што гаворка ідзе пра Дзьмітрыя Кісялёва.
Крымінальная справа распачатая таксама супраць кіраўніка Памежнай службы ФСБ Расеі Ўладзімера Кулішова. Яму інкрымінуюць падтрымку і фінансаваньне тэрарыстаў на Ўсходзе Ўкраіны.