Былому прэзыдэнту Францыі Нікаля Сарказі прад’яўленыя абвінавачваньні ў карупцыі і злоўжываньні уплывам.
Сарказі паўстаў перад судзьдзёй пасьля таго, як напярэдадні яго допыт працягваўся каля 15 гадзін. Упершыню ў гісторыі Пятай Рэспублікі экс-кіраўнік дзяржавы быў зьмешчаны пад варту ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы. Допыт праходзіў у заходнім прыгарадзе Парыжа Нантэры.
Пракуратура спрабуе высьветліць, ці датычны Сарказі да подкупу судзьдзі — з мэтай атрыманьня ад яго закрытай інфармацыі. Гаворка ідзе пра зьвесткі па справе, зьвязанай з меркаваным незаконным фінансаваньнем выбарчай кампаніі. Адвакату экс-прэзыдэнта Тэры Эрцагу таксама прад’яўлены абвінавачаньні. Яшчэ адзін фігурант — судзьдзя Касацыйнага суда Жыльбэр Азібэр, які шукаў, па дадзеных сьледзтва, падтрымкі Сарказі ў абмен на высокую пасаду ў Манака.
«Бі-бі-сі» і France-Presse адзначаюць, што 59-гадовы Нікаля Сарказі мог разглядаць магчымасьць пераабрацца на пасаду прэзыдэнта на выбарах у 2017 годзе. Зараз вылучаныя супраць палітыка абвінавачваньні могуць перашкодзіць гэтым плянам.
Пасаду прэзыдэнта Францыі Сарказі займаў з 2007 па 2012 год.