Расея прызнае права Ўкраіны і Эўразьвязу заключыць пагадненьне аб асацыяцыі, аднак будзе прымаць меры ў выпадку нэгатыўных наступстваў гэтага рашэньня для Масквы, заявіў прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў.
«Каб яны надыйшлі, трэба, каб рэалізоўвалася падпісанае пагадненьне, і як толькі пачнецца яго імплемэнтацыя, можа пайсьці гаворка пра нейкія ахоўныя меры», — цытуе Пяскова ІТАР-ТАСС, патлумачыўшы, што гэтыя меры «відавочныя».
«Усё, што неабходна для абароны нашай эканомікі, будзе рабіцца», — дадаў ён.
У пятніцу прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка падпісаў у Брусэлі пагадненьне аб асацыяцыі Украіны і ЭЗ. Атакія ж дакумэнты ратыфікавалі Грузія і Малдова.
У камэнтары агенцтву РІА Новості Пяскоў адзначыў, што Ўкраіна, Грузія і Малдова скарысталіся сваім сувэрэнным правам, падпісаўшы дамовы з ЭЗ.