Замежны банк дае Беларусі грошы на рэканструкцыю кацельняў



Сёньня Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пагадненьне пра пазыку паміж Беларусьсю і Міжнародным банкам рэканструкцыі і разьвіцьця. Замежны банк выдзеліць Беларусі 90 мільёнаў даляраў для рэканструкцыі кацельняў і пабудовы міні-ТЭЦ.

Як сказаў намесьнік старшыні Дзяржкамітэта па стандартызацыі Сяргей Сямашка, умовы гэтага крэдыту надзвычай выгадныя для Беларусі. У прыватнасьці, прадугледжваецца, што 90 мільёнаў даляраў ЗША даюцца на 15 гадоў з адтэрміноўкай пачатку выплаты асноўнай пазыкі на пяць гадоў. За карыстаньне крэдытам прадугледжваецца выплата разавага збору ў памеры 0, 25%.

За гэтыя грошы, як сказаў спадар Сямашка, Беларусь мяркуе правесьці рэканструкцыю шэрагу цепластанцыяў, 13 кацельняў зь пераводам іх на выкарыстаньне драўнянага паліва, а таксама пабудаваць міні-ТЭЦ у Калінкавічах, Баранавічах і Ваўкавыску.

Было падкрэсьлена, што пазыка Міжнароднага банка рэканструкцыі і разьвіцьця дапаможа Беларусі эканоміць пасьля рэканструкцыі штогод больш за 50 мільёнаў кубічных мэтраў газу.

Раней гэты банк выдзеліў Беларусі яшчэ 83 мільёны даляраў на праграму па ачыстцы вады.