Маршал Язаў супраць уводу расейскіх войскаў ва Ўкраіну

Дзьмітры Язаў у 1988 годзе

Экс-міністар абароны СССР, маршал Савецкага Саюзу Дзьмітры Язаў выступіў супраць любога ўводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны.

«Некаторыя гарачыя галовы выступаюць за ўвод нашых Узброеных сіл на тэрыторыю Паўднёва-Ўсходняй Украіны, дзе ідзе канфлікт. Гэтага нельга дапусьціць. Нельга, каб нашы войскі ўвайшлі на тэрыторыю народных рэспублік Данбаса і Луганска, якія зьяўляюцца непрызнанымі рэспублікамі і ёсьць часткай іншай дзяржавы — Украіны», — сказаў Язаў у сераду на Ўсеармейскім сходзе афіцэраў запасу, які прайшоў у Маскве.

Ён падкрэсьліў, што «такія неабдуманыя дзеяньні могуць прывесьці да трэцяй сусьветнай вайны».

У сераду ў Грамадзкай палаце Расеі адбыўся Ўсеармейскі сход афіцэраў запасу, прысьвечаны міжнароднаму супрацоўніцтву афіцэраў запасу і рэзэрву. Пра гэта інфармуе «Интэрфакс».

Тым часам агенцтвы паведамляюць, што кіраўнік абарончага камітэту Дзярждумы Ўладзімер Камаедаў прапанаваў увесьці ва Ўкраіну «разьяднальныя сілы», якія б дапамаглі разьвесьці бакі канфлікту. Пра гэта адмірал Камаедаў заявіў, камэнтуючы рашэньне Савету Фэдэрацыі адмяніць на просьбу прэзыдэнта РФ дазвол на выкарыстаньне войскаў ва Ўкраіне.