Прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка лічыць першым практычным крокам зварот прэзыдэнта Расеі Пуціна ў Савет Фэдэрацыі аб адмене рашэньня аб праве выкарыстаньня ўзброеных сілаў РФ на тэрыторыі Ўкраіны.
Пра гэта паведамляе прэсавая служба кіраўніка Ўкраіны.
Парашэнка лічыць гэты зварот Пуціна — першым практычным крокам пасьля афіцыйнай падтрымкі прэзыдэнтам Расеі мірнага пляну Ўкраіны па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе.
Кіраўнік Украіны зьвярнуўся да старшыні Вярхоўнай Рады Аляксандра Турчынава з прапановай абмеркаваць са старшынёй Савету Фэдэрацыі РФ Валянцінай Мацвіенкай магчымасьць разгляду гэтага пытаньня на найбліжэйшым пасяджэньні верхняй палаты парлямэнту Расеі.