У Кіеве — акцыя прарасейскіх сэпаратыстаў, на якой могуць абвясціць пра стварэньне «Кіеўскай народнай рэспублікі»

У Кіеве на тэрыторыі Кіева-Пячэрскай лаўры знаходзяцца каля 250 сэпаратыстаў, якія — па некаторых дадзеных — спрабуюць правесьці прарасейскую акцыю. Адначасова каля лаўры сабраліся каля 150 актывістаў Майдану. Ніякіх актыўных крокаў бакі ня робяць.

Пра гэта паведамляе агенцтва УНІАН.

Паводле інфармацыі УНН, які спасылаецца на намесьніка камандзіра спэцбатальёну «Азоў», прарасейскія актывісты маюць намер правесьці хрэсны ход за «рускі мір», чацьвёра зь іх заклікаюць да ўзброенага паўстаньня. Некалькі соцень маладых людзей пад украінскімі сьцягамі і сьцягамі «Правага сэктару» пікетуюць лаўру, у якой — па іх дадзеных — сэпаратысты маюць намер абвясьціць пра стварэньне так званай «Кіеўскай народнай рэспублікі».

«Інтэрфакс» паведамляе, што праўкраінскія актывісты спрабуюць перашкодзіць правесьці акцыю супраць ваеннай апэрацыі на Данбасе.

Па дадзеных украінскіх агенцтваў, да месца падзей сцягнутыя амаль тысяча міліцыянтаў.

У нядзелю ж у Харкаве праходзяць акцыі Антымайдану, прымеркаваныя да 73-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Чакаюцца акцыі прыхільнікаў Эўрамайдану. З-за пагрозы правакацый і сутычак цэнтар горада патрулююць узмоцненыя нарады міліцыі. Пра гэта паведамляе «Украінская праўда».