Павал Севярынец: З 90-х гадоў Рыгор Кійко — прыклад патрыёта і героя

Рыгор Кійко, архіўнае фота

Калегі, сябры і аднадумцы пачалі збор сродкаў на дапамогу аднаму зь першых беларускіх палітвязьняў Рыгору Кійко, якому патрэбнае дарагое лекаваньне і апэрацыя.
Сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец вельмі высока ацаніў унёсак Рыгора Кійко ў змаганьне за дэмакратыю і нацыянальнае адраджэньне Беларусі.

«Рыгор Кійко — гэта адзін з тых фронтаўцаў, на каго мы, маладзейшыя, маладафронтаўцы, у свой час раўняліся. Яшчэ калі пяць удзельнікаў Дня Волі ў 1997 годзе адбівалі бел-чырвона-белы сьцяг і за гэта селі на лаву падсудных, а пасьля паехалі на „хімію“, у нашых вачох гэтыя людзі ўжо былі героямі. Калі я даведаўся, што Рыгор Кійко — цудоўны мастак, што ён выхоўвае цудоўных дачок, калі я даведаўся, што гэты чалавек — патрыёт сваёй краіны, то ён стаў для мяне адным з самых паважаных людзей у Фронце. І цяпер, калі ў яго бяда, калі ў яго праблема са здароўем, мяркую, усе мы павінны яму дапамагчы. Гэта адзін з тых людзей, якія стваралі Беларусь яшчэ тады, калі быў Савецкі Саюз, хто руйнаваў камунізм. Гэта чалавек, які вынес на сваіх плячах вельмі і вельмі шмат, і таму гэта проста наш абавязак — яму дапамагчы».

Як паведаміў карэспандэнту Свабоды Павал Севярынец, ужо пачаўся збор грошай для дапамогі Рыгору Кійко. Ахвотныя дапамагчы былому палітвязьню могуць зьвязвацца дзеля гэтага праз тэлефоны
+375 29 275-32-12 (Тацяна),
+375 44 771-98-17 (Марына).

Паводле Паўла Севярынца, шмат хто з карыстальнікаў інтэрнэту разьмяшчае інфармацыю з заклікам аб дапамозе Рыгору Кійко ў сацыяльных сетках і мэдыях. «Зараз думаем пра тое, каб адчыніць інтэрнэтавую пляцоўку для збору сродкаў, бо грошай трэба сабраць шмат і кампанію трэба весьці як мага актыўней», — сказаў Павал Севярынец.

Рыгор Кійко — сябра БНФ «Адраджэньне», сябра Саюзу мастакоў і суполкі «Пагоня». У 1997 годзе пасьля падзеяў на Дзень Волі быў асуджаны на 2 гады «хіміі», якія адбыў у Зэмбінскай камэндатуры. У 2001 годзе бараніў Курапаты ад зьнішчэньня будаўнічай тэхнікай, быў моцна зьбіты міліцыянтамі. Доўгі час працаваў бібліятэкарам у касьцёле Сьвятых Сымона і Алены (Чырвоным касьцёле). Жыве ў Менску.