Ананімныя актывісты заляпілі ўсё мястэчка Бобр выявамі Пагоні

Налепкі з выявамі гістарычнага беларускага герба зьявіліся на адміністрацыйных будынках мястэчка Бобр.

Так група ананімных актывістаў адрэагавала на рашэньне Сьледчага камітэту Крупскага раёну, які адмовіўся распачынаць крымінальную справу супраць выканаўцы абавязкаў старшыні Бобрскага сельсавету і мясцовага дэпутата Ўладзімера Загорскага.

25 сакавіка Загорскі паламаў намаляваны Алесем Пушкіным герб «Пагоня» і патаптаўся па знакамітай «Карціне Свабоды», якую мастак дамалёўвае штогод у Дзень Незалежнасьці.

Актывісты распаўсюдзілі прэс-рэліз, у якім заяўляюць:

«Ігнараваньне з боку дзяржавы факта пашкоджаньня гістарычна-культурнай каштоўнасьці — выявы гербу „Пагоня“ — вымусіла адрэагаваць на дадзеную несправядлівасьць неабыякавых грамадзян.


16 чэрвеня мы — група актывістаў, разьляпілі па ўсёй вёсцы Бобр налепкі з гербам „Пагоня“ і інфармацыяй пра інцыдэнт. Гэтай акцыяй мы паказалі, што ня можам спакойна глядзець на несправядлівасьць, якая адбываецца ў вёсцы. Калі дзяржава маўчыць, то гаварыць пра гэта будзе грамадзкасьць. Іншы бок — гэта данесьці Ўладзімеру Загорскаму, што мы кажам нашае цьвёрдае „НЕ!“ гвалту і непавазе да нацыянальных сымбаляў нашай краіны».