Зьміцер і Наста Дашкевіч назвалі дачку Марай

«Сёньня прадставілі Госпаду і царкве дачурачку! Знаёмцеся - Мара Дашкевіч», — напісаў Зьміцер у сваім фэйсбуку.
Дачка ў палітычных актывістаў нарадзілася 9 чэрвеня ў Менску.

Зьміцер і Наста Дашкевіч не хацелі афішаваць імя дзяўчынкі.

Зьміцер распавядаў Свабодзе, што спачатку чакаў хлопца.

«Першыя сем месяцаў я хацеў хлопца. А пасьля УГД паказала, што будзе дзяўчыначка. У любым выпадку я вельмі рады. Дзяўчынка для бацькі заўсёды шчасьце і радасьць, бо з хлопцам можна больш строга. А зь дзяўчыначкай — іншая сытуацыя», — прызнаецца Зьміцер Дашкевіч.

Зьміцер Дашкевіч — сустаршыня незарэгістраванага ў Беларусі «Маладога фронту», колішні палітвязень, адбываў пакараньне за падзеі, зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі 2010-га.

Наста Дашкевіч (Палажанка) — паплечніца Зьмітра па «Маладым фронце». Пасьля разгону Плошчы-2010 некалькі тыдняў правяла ў турме КДБ. Стала першай беларускай, якая атрымала Міжнародную жаночую прэмію за мужнасьць. Узнагароду ўручала дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан.