Ужо сёньня, 15 чэрвеня: Лаўроў едзе да Макея, дзень бацькі, «Раёк» у Віцебску

Уладзімер Макей (зьлева) і Сяргей Лаўроў у Маскве 4 красавіка

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
У Менск на два дні з рабочым візытам прыедзе расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў. Заплянаваная яго сустрэча з беларускім калегам Уладзімірам Макеем, да журналістаў яны разам выйдуць у панядзелак.

У Віцебску у Цэнтры сучаснага мастацтва гурт Вурай прэзэнтуе новы альбом «Раёк». Абяцаюць толькі жывыя акустычныя інструмэнты, фольк, драйв і весялосьць. Гурт днямі вярнуўся з Кіева, дзе зачараваў слухачоў, а далей зьбіраецца ў Гомель, Менск, на хутар Шаблі і ў Прагу. Пачатак а 18-й.

У сталічным Парку Горкага будзе адзначацца Дзень бацькі. У праграме забавы, разьлічаныя на ўдзел бацькоў зь дзецьмі.

У менскім клюбе TNT адбудзецца канцэрт гурту Akute, пачатак а 20-й.
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1812— Полацкі езуіцкі калегіюм пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію з правамі ўнівэрсытэту.

1863 — У Ашмянскім павеце расейскія войскі разьбілі атрад паўстанцкага камандзіра Зыгмунта Мінейкі. Сам Мінейка быў схоплены і засуджаны на 12 гадоў сыбірскае катаргі, але ўцёк за мяжу і празь нейкі час узяў удзел у вайне Грэцыі з Турцыяй за востраў Крыт, за што атрымаў званьне ганаровага грамадзяніна Грэцыі.

1977 — пачалося будаўніцтва Менскага мэтрапалітэну.

1978 — стартаваў касьмічны карабель «Саюз-29». Камандзірам экіпажу быў беларус Уладзімер Кавалёнак.

1999 — Беларусь усталявала дыпляматычныя адносіны з Аўганістанам.

2006 — Папа рымскі Бэнэдыкт XVI вызваліў з пасады кіраўніка каталіцкай царквы Беларусі 91-гадовага кардынала Казіміра Сьвёнтка.

У гэты дзень нарадзіліся:

1831 — Вінцэсь Каратынскі, беларускі і польскі пісьменьнік, перакладчык.

1896 — Пётр Татарыновіч, каталіцкі сьвятар, беларускі грамадзкі і культурны дзяяч, публіцыст, паэт, выдавец.

1905 — Юрка Віцьбіч, пісьменьнік, грамадзка-культурны дзяяч, дзяяч эміграцыі ў ЗША.

«Мы Беларусы незалежна ад таго, скуль мы — ці з-пад Дзьвіны, ці з-пад Прыпяці, ці з-пад Дняпра, ці з-пад Бугу».
Юрка Віцьбіч.

1936 — Мікола Гіль, беларускі пісьменьнік, журналіст, перакладчык.

1948 — Анатоль Бутэвіч, беларускі пісьменьнік, палітык і дыплямат

1979 — Юлія Несьцярэнка, беларуская лёгкаатлетка, алімпійская чэмпіёнка.

Каляндар Бахарэвіча:

Паперка нейкая. 15 чэрвеня 1215 Джон Безьзямельны падпісвае Вялікую Хартыю Вольнасьцяў

Народны каляндар:

Нічыпар, Іван, Ульяна, Варлам. Уюн зялёны, зялёныя сьвяткі, упрыгожваньне хат бярозкамі, пляценьня вянкоў.