ЛНР хоча, каб Лукашэнка прызнаў яе незалежнасьць

«Луганская Народная Рэспубліка» зьвярнулася да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і старшыняў абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Анатоля Рубінава і Ўладзімера Андрэйчанкі з просьбай аб прызнаньні ЛНР «сувэрэннай незалежнай дзяржавы».
«Вярхоўны Савет ЛНР высока ацэньвае дзейнасьць Рэспублікі Беларусь як краіны — гаранта міру і бясьпекі. З моманту стварэньня Луганскай Народнай Рэспублікі нашы грамадзяне былі цьвёрдыя ў сваім намеры будаваць незалежную дзяржаву і пасьлядоўныя ў імкненьні падзяляць лёс Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў звароце.

З аналягічным зваротам ЛНР зьвярнулася да Расеі, Абхазіі, Армэніі, Вэнэсуэлы, Інгушэціі, Казахстана, Кітая, Кубы, Прыднястроўя, Нікарагуа, Сэрбіі, Сырыі, Чачні і Паўднёвай Асэтыі.

Копіі ўсіх зваротаў за подпісам «старшыні Вярхоўнага Савета Луганскай Народнай Рэспублікі Аляксея Каракіна» разьмешчаныя на сайце сэпаратыстаў.

Сэпаратысты паведамляюць, што 27 красавіка на сходзе прадстаўнікоў грамадаў Луганску і Луганскай вобласьці прыняты «Акт аб дзяржаўнай самастойнасьці Луганскай народнай рэспублікі» і рашэньне аб правядзеньні рэфэрэндуму 11 траўня, на якім 96,2% грамадзян нібыта прагаласавала за незалежнасьць рэгіёну.

Генэральная пракуратура прызнала «ЛНР» тэрарыстычнай арганізацыяй.