На ўсходзе Ўкраіны загінулі 270 чалавек

З красавіка ва ўсходніх рэгіёнах Украіны загінулі 270 чалавек, паведаміла прэс-служба міністэрства аховы здароўя Ўкраіны.
«З пачатку супрацьстаяньня на ўсходзе Ўкраіны па цяперашні час, паводле зьвестак дэпартамэнту аховы здароўя Данецкай АДА, у Данецкай вобласьці загінула 225 чалавек (пацьверджана заключэньнем бюро судова-мэдычнай экспэртызы). Зь іх восем жанчын. Таксама ёсьць папярэдняя інфармацыя аб гібелі двух дзяцей», – гаворыцца на сайце ведамства.

У Луганскай вобласьці за той жа час загінулі 45 чалавек, сярод якіх восем жанчын.

15 красавіка выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Турчынаў абвясьціў аб пачатку антытэрарыстычнай апэрацыі ў Данецкай вобласьці на ўсходзе Ўкраіны.

У аўторак прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка даручыў стварыць калідор для ўцекачоў, якія хочуць пакінуць тэрыторыі на паўднёвым усходзе краіны, каб пазьбегнуць новых ахвяраў сярод мірнага насельніцтва.