У ДНР пацьвердзілі арышт «народнага мэра» Славянска

Вячаслаў Панамароў

У кіраўніцтве самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» пацьвердзілі, што «народны мэр» Славянска Вячаслаў Панамароў затрыманы.
Раней аб яго адхіленьні ад пасады і затрыманьні паведамілі расейскія СМІ са спасылкай на сэпаратыстаў у Славянску, але ў кіраўніцтве ДНР не змаглі гэта апэратыўна пацьвердзіць або абвергнуць, спаслаўшыся на дрэнную сувязь са Славянскім.

Паводле абноўленых зьвестак прэс-службы ДНР, Панамароў у цяперашні час знаходзіцца ў будынку СБУ.

Раней на старонцы ў Facebook, якая належыць лідэру ўзброеных фармаваньняў сэпаратыстаў у Славянску Ігару Стралковых (Гіркіну), таксама зьявілася пацьверджаньне гэтай інфармацыі.

«Так званы народны мэр Панамароў зьняты з пасады за вядзеньне дзейнасьці, несумяшчальнай з мэтамі і задачамі цывільнай адміністрацыі. Больш пакуль сказаць не магу», – гаворыцца ў паведамленьні.

Панамароў стаў самаабвешчаным «народным мэрам» Славянска 13 красавіка падчас штурму будынку СБУ. Да гэтага ён кіраваў невялікім мылаварным заводам.