Веча ў Кіеве заклікала да датэрміновых парлямэнцкіх выбараў і байкоту расейскіх тавараў

Ганаровая варта падчас інаўгурацыі Пятра Парашэнкі напярэдадні

У Кіеве на майдане Незалежнасьці сёньня праходзіць грамадзкае веча. У ім удзельнічаюць каля трох тысяч чалавек.

Людзі, якія сабраліся, запатрабавалі прызначыць дату датэрміновых парлямэнцкіх выбараў і зьнізіць прахадны бар’ер у Вярхоўную Раду зь пяці да трох адсоткаў. Таксама гучалі заклікі байкатаваць тавары расейскай вытворчасьці і расьсьледаваць дзейнасьць прадпрыемстваў Расеі ва Ўкраіне.

Веча таксама ўхваліла «наказ» новаму прэзыдэнту Пятру Парашэнка, у якім ад імя народа Украіны яго просяць, у прыватнасьці, стварыць праўную дзяржаву на аснове агульначалавечых каштоўнасьцяў і забясьпечыць магчымасьць тэрытарыяльных грамадаў адклікаць службовых асоб любой галіны ўлады. У дакумэнце гаворыцца аб неабходнасьці дэцэнтралізацыі ўлады і бюджэтаў.

Удзельнікі веча таксама абмеркавалі сытуацыю на самым Майдане. Было ўхвалена ўвядзеньне «сухога закону» на Майдане для кіянаў і гасьцей горада.