Беларуская чыгунка зноў прыпыняе продаж квіткоў ва Ўкраіну

Беларуская чыгунка часова прыпыняе продаж квіткоў на некаторыя цягнікі, якія праходзяць па тэрыторыі Украіны.
Зроблена гэта па просьбе адміністрацыі «Укрзализниці» ў сувязі з частковай карэкціроўкай графіку руху цягнікоў па тэрыторыі Ўкраіны.

З 15 чэрвеня часова прыпыняецца продаж квіткоў на цягнік № 46/45 Менск — Мінэральныя Воды (уключна зь бесьперасадачнымі вагонамі Берасьце — Мінэральныя Воды і Магілёў — Мінэральныя Воды), з 16 чэрвеня — на цягнікі № 384/383 Баранавічы — Марыюпаль і № 302/301 Менск — Адлер. Акрамя таго, з 17 чэрвеня часова ня будуць прадавацца квіткі на цягнік № 390/389 Менск — Анапа.

«Просім пасажыраў уважліва сачыць за абнаўленьнем інфармацыі пра зьмену ўмоваў продажу праязных дакумэнтаў на цягнікі на афіцыйным інтэрнэт-сайце Беларускай чыгункі, а таксама на інфармацыйных стэндах і касах чыгуначных вакзалаў», — паведамляецца на сайце rw.by.

Падобныя рашэньні прымаліся беларускай чыгункай у красавіку і траўні гэтага года. Яны зьвязаныя з нестабільнай сытуацыяй у Данбасе і расейскай анэксіяй Крыма.