У Луганскай вобласьці зьнішчылі 2 базы баевікоў

Бой у Луганску 3 чэрвеня.

Авіяцыя сілаў антытэрарыстычнай апэрацыі правяла мінулай ноччу некалькі баявых вылетаў і зьнішчыла дзьве базы баевікоў у Луганскай вобласьці.
Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісаў кіраўнік Цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітры Тымчук.

«Таксама ва ўзаемадзеяньні з памежнікамі прадухіленая спроба прарыву празь дзяржаўную мяжу на тэрыторыю Ўкраіны з Расеі калёны баевікоў у складзе 10 грузавікоў і аднаго бронетранспарцёра», — інфармуе ініцыятар «Інфармацыйнага супраціву».
Таксама пра пасьпяховы супраціў прарыву празь мяжу на прапускным пункце «Марынаўка» Данецкай вобласьці праінфармавала Дзяржпамежслужба. Там зьнішчылі адзін аўтамабіль «Урал», два «Камазы» і адзін БТР тэрарыстаў.

Ёсьць інфармацыя пра страты сярод нападнікаў. З боку памежнікаў 5 чалавек атрымалі раненьні. Тым часам узнавіліся выбухі і страляніна ў Слявянску і ваколіцах. Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва УНІАН са спасылкай на шматлікіх карыстальнікаў сацыяльных сетак.