Барак Абама: Прага свабоды хвалюе сэрцы і ў Менску

Барак Абама і Браніслаў Камароўскі

Барак Абама лічыць неабходным арганізаваць бясьпеку ў Эўропе і аказваць падтрымку дэмакратычным рухам па ўсім сьвеце. Пра гэта прэзыдэнт ЗША заявіў, выступаючы сёньня на Замкавай плошчы ў Варшаве (Польшча), дзе ён знаходзіўся з двухдзённым візытам.

«Нашы свабодныя нацыі будуць трымацца разам, так што далейшыя расейскія правакацыі будуць азначаць толькі далейшую ізаляцыю і затраты для Расеі, — цытуе Абаму газэта The Washington Post. — Мы не дазволім цёмным мэтадам XX стагодзьдзя вызначаць XXI-е».

«Мы разам, таму што мы ведаем, што дух Варшавы, Будапэшту, Прагі і Бэрліну пашыраецца ўсюды, дзе прага свабоды хвалюе чалавечыя сэрцы — у Менску ці ў Каракасе, у Дамаску ці ў Пхеньяне», — заявіў прэзыдэнт ЗША.

Абама таксама заявіў:

«Сышлі дні імпэрыі і сфэраў уплыву. Нельга дазволіць большым дзяржавам тыраніць меншыя альбо навязваць сваю волю пад прыцэлам стрэльбы ці з дапамогай маскаваных людзей, якія захопліваюць будынкі. Росчырк асадкі ніколі ня здолее легітымізаваць крадзеж суседзкай тэрыторыі. Таму мы ня прымем расейскую акупацыю Крыму ці парушэньні ўкраінскага сувэрэнітэту».