На саміце «Вялікай сямёркі» будуць гаварыць пра новыя санкцыі супраць Расеі

4 — 5 чэрвеня падчас саміту «Вялікай сямёркі» ў Брусэлі кіраўнікі дзяржаў маюць намер узмацніць санкцыі супраць Расеі з-за яе дзеяньняў ва Ўкраіне.
Пра гэта паведамілі дыпляматычныя крыніцы ў Эўрапейскім Зьвязе, якія выступаюць гаспадарамі саміту.

Першапачаткова сустрэчу кіраўнікоў дзяржаў плянавалася правесьці ў Сочы ў фармаце «васьмёркі», але з-за анэксіі Расеяй Крыму саміт быў перанесены ў Брусэль і праводзіцца без удзелу Расеі.

Дыпляматычныя крыніцы ў Брусэлі заявілі 3 чэрвеня, што значная частка сустрэчы будзе прысьвечана становішчу ва Ўкраіне і адносінам з Расеяй.

Лідэры «G7» маюць намер пацьвердзіць сваю прыхільнасьць далейшым санкцыям супраць Расеі, «калі таго патрабуе сытуацыя», і прыярытэт у цяперашні час аддаецца «дыпляматычным і палітычным намаганьням» па ўрэгуляваньні крызісу, сказаў эўрапейскі дыплямат.

Ён адмовіўся паведаміць, якія дзеяньні Расеі могуць прывесьці да наступных санкцыяў, сказаў толькі, што гэтае пытаньне будуць вырашаць кіраўнікі дзяржаў.