У Афганістане пасьля 5-гадовага палону вызвалены салдат ЗША

У Афганістане — пасьля пяцігадовага палону — у суботу вызвалены амэрыканскі сяржант Бой Бэргдал. Яго абмянялі на пяцярых талібаў — зьняволеных вайсковай турмы ЗША на базе ў Гуанатанама (Куба).
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў у гэтай сувязі, што амэрыканскі народ будзе шчасьлівы вітаць Бэргдала на роднай зямлі. Прэзыдэнт сам паведаміў бацькам сяржанта навіну аб вызваленьні іх сына.

Некалькі дзясяткаў байцоў амэрыканскага спэцназу ўдзельнічалі ў апэрацыі, якая праходзіла на ўсходзе Афганістану, ля мяжы з Пакістанам.

Паводле афіцыйных паведамленьняў, 28- гадовы сяржант адчувае сябе нармальна. Яго пераправілі на амэрыканскую вайсковую базу ў Баграме, дзе ён пройдзе мэдычнае абсьледаваньне.

Зьняволеныя талібы будуць перададзеныя ўладам Катару, які выступіў пасярэднікам у перамовах аб вызваленьні Бэргдала.

Ён быў адзіным амэрыканскім вайскоўцам, які заставаўся ў палоне на тэрыторыі Афганістану. Абставіны захопу Бэргдала баевікамі да гэтага часу не ўстаноўленыя. Лічыцца, што да гэтага датычная тэрарыстычная групоўка «Хакані».