Зорка эўрапейскага джазу выступіць на адной сцэне зь беларускім дударом

Тодар Кашкурэвіч

30 траўня ў малой залі канцэртнай залі «Мінск» (Кастрычніцкая, 5) адбудзецца канцэрт зоркі эўрапейскага джазу, саксафаніста Пятраса Вішняўскаса (Літва) пры ўдзеле менскага гурту Essa.

Вішняўскас зайграе ў двух праектах — «Цішы Лабаноры» і «Няміга». У «Цішы Лабаноры» яго саксафон будзе спалучацца з імправізацыяй музыкаў, якія граюць на дудах паводле народных беларускіх і літоўскіх матываў. Праекту ўжо шэсьць гадоў, музыкі прэзэнтавалі яго на фэстывалях і шматлікіх канцэртах у Літве.

«Няміга» — новы праект гурту Essa (Тодар Кашкурэвіч, Вольга Дзядовік-Кашкурэвіч), які спрабуе ўпісаць традыцыйную музыку ва ўмовы сучаснага тэхнакратычнага горада. Праект будзе прэзэнтаваны з удзелам Пятраса Вішняўскаса і Гвідаса Каверы.