Міліцыя зладзіла спэцапэрацыю супраць актывіста кампаніі «Ежа супраць бомбаў»

Аляксандар Курэц

17 траўня Аляксандра Курца затрымалі празь некалькі гадзінаў пасьля акцыі па раздачы ежы бяздомным. Канфіскавалі майкі, календары і ўлёткі «антыўрадавага зьместу». І прысудзілі 15 сутак арышту.
Сябры і праваабаронцы лічаць, што прычына арышту — удзел у акцыях «Ежа супраць бомбаў», якія адбываюцца ў Менску ўжо восьмы год.

«Ім (уладзе. — РС) трэба падчас чэмпіянату паказаць, што ў нас усё ў парадку. А калі ў цэнтры гораду зьбіраюцца людзі зь нізкім сацыяльным статусам, зьбіраюцца ў чэргі па ежу, дык зразумела, што ў нас «штосьці ня так», — тлумачыць Марына, сяброўка Аляксандра.

Праваабаронца Наста Лойка кажа, што ўлада бачыць у акцыях кампаніі «Ежа супраць бомбаў» замах на падрыў дзяржаўнага ладу.

19 траўня судзьдзя Партызанскага суду Вольга Паўлоўская прызнала Аляксандра Курца вінаватым у правапарушэньні паводле артыкула 17.1 «Хуліганства». Прысуд быў вынесены нягледзячы на супярэчлівыя паказаньні сьведак і відавочныя парушэньні ў падрыхтоўцы дакумэнтаў справы. Паўлоўская ў працэсе адхіляла шматлікія хадайніцтвы адваката і абвінавачанага.

Аляксандар Курэц адправіўся ў ізалятар на Акрэсьціна адбываць прызначаныя яму 15 сутак.

Падтрымаць сябра ў судзе Партызанскага раёну прыйшло два дзясяткі маладых людзей. Некаторыя зь іх былі ў майках «Свабоду палітвязьням», «Свабоду Аліневічу», «Свабоду Бяляцкаму». Перад пачаткам працэсу судзьдзя Паўлоўская выдаліла з залі тых, хто «ў шортах і сланцах». Маўляў — «непавага да суду».

Затрымалі Курца 17 траўня. У судзе міліцыянты сьцьвярджалі, што супрацоўнікі ДАІ Гардзіенка і Харламаў спынілі аўтамабіль Аляксандра на скрыжаваньні вуліц Першамайскай і Захарава ў 14:30. Пасьля просьбы прад’явіць дакумэнты, як засьведчыў на судзе Гардзіенка, хлопец бяз дай прычыны пачаў нецэнзурна лаяцца.

Аляксандар сьцьвярджае, што а палове трэцяй, калі яго нібыта ўжо трымалі ў Партызанскім РУУСЕ, ён знаходзіўся ў кавярні «Лаўка». Кажа, што з прычыны прыкметнага выгляду (у Аляксандра на галаве ўльтрамарынавы іракез) не запомніць яго супрацоўнікі кавярні не маглі. Да таго ж яму там далі бясплатна вады і даравалі дзьве тысячы беларускіх рублёў, што ён быў вінен. Аднак судзьдзю Паўлоўскую гэтая інфармацыя не зацікавіла.

Пазьней, распавядаў Аляксандар, яго сапраўды спыніў пост ДАІ. Праверылі дакумэнты, папрасілі паказаць аптэчку, вогнетушыцель і знак аварыйнага прыпынку.

«Машына не мая, таму я стаў званіць уладальніцы аўтамабіля. Толькі набраў нумар, як зь белага мікрааўтобуса выйшлі супрацоўнікі ў цывільным, адзін зь іх падышоў да мяне, вырваў у мяне з рук тэлефон, яны зачынілі маю машыну, а мяне пасадзілі ў машыну ДАІ», — заявіў ён на судзе.

Сябры прынесьлі перадачу проста ў суд


У судзе Курэц упершыню пабачыў набраны на кампутары пратакол затрыманьня, падпісаны супрацоўнікам Партызанскага РУУС лейтэнантам Кульнісам.

У ім Курэц нібыта прызнаецца, што лаяўся матам. Аднак Аляксандар сьцьвярджае, што пратаколу на яго ніхто не складаў, ён ні ў чым не прызнаваўся, а лейтэнант Кульніс браў у яго толькі тлумачальную наконт падзеяў, што папярэднічалі затрыманьню. Гэтай напісанай ад рукі тлумачальнай у матэрыялах справы няма.

Кульніс у судзе стаяў на сваім: усе «падшытыя паперы» Курцу паказваў, але куды са справы падзелася тлумачальная, ён ня ведае. Вымушаны выкручвацца пад ціскам адваката, Курэц раз за разам паўтараў адно і тое ж, што ў прысутных не магло ня выклікаць усьмешак.

«Тут вам ня цырк», — абарвала залю судзьдзя Паўлоўская.

«Я б з гэтым паспрачаўся», — адрэагаваў нехта з задняга раду.
«Тут вам ня цырк», — абарвала залю судзьдзя Паўлоўская. «Я б з гэтым паспрачаўся», — адрэагаваў нехта з задняга раду.

Аўтарства фармулёўкі «каляндарыкі антыўрадавага зьместу» таксама належыць лейтэнанту Кульнісу.

У перапынках Аляксандар распавядае, што на Акрэсьціна сядзеў зь нелегальным мігрантам Пабла, які не гаворыць ані па-ангельску, ані па-расейску і мае вялікія праблемы са здароўем. Паблу пагражае дэпартацыя.

Аляксандар кажа, што на Акрэсьціна ежы даюць мала і кепскую, а на шпацыры не выводзілі зусім. На суткі ён трапляе ўпершыню, дагэтуль праблемаў з законам ня меў.

«Гэта яшчэ адно пацьверджаньне тэндэнцыйнасьці прысуду, — заўважае Наста Лойка. — Чалавек, які затрыманы першы раз, атрымлівае максымальнае пакараньне па артыкуле».

Сяброўка Аляксандра Марына ўпэўненая, што затрыманьне Аляксандра «палітычна матываванае»:

«Я ня веру, што ён, пасьля таго як яго затрымалі, пачаў лаяцца матам. Ён увогуле чалавек вельмі маўклівы. Ён дакладна ведае, што за справы з затрыманьнямі падчас чэмпіянату сьвету, і пэўна не правакаваў бы сытуацыю са сваім затрыманьнем».

Сяброўка Аляксандра Курца Марына


Сябры Аляксандра таксама характарызуюць яго арышт як «рэпрэсіі ў пэрыяд чэмпіянату».

Марына распавядае, што беспрытульных, якія прыходзяць па ежу на іхныя акцыі, перад чэмпіянатам значна паменела.

Паводле праваабаронцаў, затрыманьне Аляксандра Курца — гэта толькі адзін з фактаў, якія сьведчаць пра зачыстку любых нефармальных суполак у пэрыяд правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі.

«Да тых, хто корміць беспрытульных, заўжды была вялікая ўвага, — тлумачыць праваабаронца Наста Лойка. — Былі факты затрыманьняў на месцы. Але пашпартныя дадзеныя перапісвалі, тлумачальныя бралі, а вось каб арышт адміністрацыйны — гэта я ўпершыню бачу. Відавочна, была цэлая спэцапэрацыя па яго адлове. Затрымалі яго абсалютна ў іншым месцы. Гэта цалкам укладаецца ў той малюнак „чэмпіянату“, калі намагаюцца кантраляваць і караць розныя нефармальныя групы, спускаючы зьверху статыстыку па затрыманьнях. Усё гэта мы расцэньваем як адвольныя затрыманьні. Цяжка спадзявацца, што гэта спыніцца», — заключае праваабаронца.