У Данецку і Луганску прарасейскія сэпаратысты праводзяць «рэфэрэндум»

У Данецкай і Луганскай абласьцях прарасейскія сэпаратысты ў нядзелю праводзяць «рэфэрэндум» аб незалежнасьці так званай «Данецкай народнай рэспублікі». Па дадзеных «цэнтральнай выбарчай камісіі» самаабвешчанай «рэспублікі», у 08:00 павінны адкрыцца 1527 участкаў.

У суботу, 10 траўня, «галасаваньне» датэрмінова пачалі ў двух акругах у Марыюпалі, Данецкай вобласьці.

«Рэфэрэндум» ня будзе адбывацца на Харкаўшчыне: у пятніцу, 9 траўня, прадстаўнік мясцовага руху прарасейскіх сэпаратыстаў «Паўднёвы Ўсход» заявіў, што яго аб’яднаньне да такога кроку не гатовае.

Раней, у тым ліку прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін, заклікаў сэпаратыстаў ва Ўкраіне перанесьці дату «рэфэрэндуму». Вынікі «галасаваньня» на Данбасе ня мае намеру прызнаваць ні цэнтральная ўлада ў Кіеве, ні краіны Захаду.