Захад асудзіў прыезд Пуціна ў Крым

Кіраўнікі краін Захаду і НАТО асуджаюць прыезд расейскага прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна ў анэксаваны Расеяй Крым для ўдзелу ў сьвяткаваньні 9 траўня.

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па пытаньнях зьнешняй палітыкі Кэтрын Эштан сказала: «На жаль, Уладзімір Пуцін прысутнічаў на ваенным парадзе ў Сэвастопалі».

Сьпікер Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джэн Сакі назвала крымскі візыт Пуціна «неабавязковым і правакацыйным».

Your browser doesn’t support HTML5

Дзень Перамогі з Пуціным у анэксаваным Крыме



Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн падкрэсьліў, што Крым — гэта частка Украіны. «Наколькі я ведаю, украінская ўлада не запрашала Пуціна ў Крым. Такім чынам, яго візыт туды недарэчны», — адзначыў Расмусэн.

Уладзімір Пуцін прыбыў учора ў Крым, каб адзначыць 69-ю гадавіну перамогі ў Другой сусьветнай вайне і ўзяць удзел у вайсковым парадзе.

Гэта першы візыт Пуціна на паўвыспу пасьля таго, як Расея яе анэксавала ў сакавіку гэтага году.

Міністэрства замежных спраў Украіны выказвае рашучы пратэст у сувязі зь няўзгодненым з Украінай візытам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў Крым.

Напярэдадні, у чацьвер, міністар замежных справаў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што ўдзел расейскага прэзыдэнта Пуціна ў вайсковым парадзе ў Крыме яшчэ больш ускладніць цяперашнюю сытуацыю. Раней канцлер Нямеччыны Ангела Меркель сказала, што будзе «шкадаваць», калі гэта адбудзецца.

Захад не прызнае анэксію Крыму Расіяй.