Ужо сёньня, 8 траўня: 69-я гадавіна заканчэньня Другой Сусьветнай вайны, другі паўфінал «Эўрабачаньня»

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ


Менск. У Галерэі «Ў» праходзіць выставачна-дыскусыйны праект OFFSIDE. У яго рамках працуюць выставы, дзе мастакі закранаюць розныя аспэкты спорту. Пачатак а 19.00

Менск. У галерэі «Акадэмія» Акадэміі мастацтваў (вул. Сурганава,14) адбудзецца адкрыцьцё экспэрымэнтальнага праекту «Сад», куратарамі якога выступаюць студэнты спэцыяльнасьці «Мастацтвазнаўства». Пачатак а 15.00

Капэнгаген (Данія). Прадстаўнік Беларусі на конкурсе песьні «Эўрабачаньне-2014» сьпявак ТЕО (Юрый Вашчук ) выступіць у другой частцы другога паўфіналу. Наўпроставую трансьляцыю вядуць тэлеканалы «Беларусь 1» і «Беларусь 24».

Тбілісі. Міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Ўільям Хэйг заканчвае візыт у Грузію.


ЁСЬЦЬ НАГОДА


Сусьветны дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ


1551 — памерла Барбара Радзівіл, вялікая княгіня літоўская, каралева польская.

1674 — каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем ВКЛ абраны Ян Сабескі.

1880 — памёр францускі пісьменьнік Гюстаў Флябэр

1883 — нарадзіўся Сьцяпан Некрашэвіч, мовазнавец, грамадзка-палітычны дзяяч, прадстаўнік ураду БНР ва Ўкраіне, першы старшыня Інстытуту Беларускай культуры, акадэмік АН Беларусі, аўтар слоўнікаў.

1937 — нарадзіўся Лявон Шыманец, старшыня Згуртаваньня беларусаў Францыі «Хаўрус».


1945 — падпісаны Акт аб капітуляцыі Нямеччыны — скончылася Другая сусьветная вайна ў Эўропе.

1984 — Савецкі Саюз абвясьціў пра байкот Алімпійскіх гульняў у Лос-Анджэлесе, ЗША.

1989 — выйшаў першы нумар польскай газэты «Gazety Wyborczej».

1993 — утворана Таварыства Вольных Літаратараў.

1999 — у Менску камандзір СОБРА Дзьмітры Паўлічэнка вярнуў начальніку турмы Алегу Алкаеву расстрэльны пісталет. У сваім рапарце начальнік крымінальнага вышуку генэрал Мікалай Лапацік выказаў меркаваньне, што з гэтага пісталета быў забіты зьніклы напярэдадні экс-міністар унутраных справаў Юры Захаранка.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ


Патрыятызм вызначаецца мерай сораму, які чалавек адчувае за злачынствы, учыненыя ад імя яго народа.

Адам Міхнік, рэдактар Gazety Wyborczej