Расея пагражае забараніць Мэджліс крымскіх татараў

Рафат Чубараў

Лідэр Мэджліса крымскіх татараў Рафат Чубараў заявіў, што зьдзіўлены паводзінамі пракуратуры Крыма, якая ўчора выклікала яго на размову і вынесла папярэджаньні.
Чубараў распавёў сайту «Крым. Рэаліі», што яго запрасілі ў пракуратуру на сустрэчу з намесьнікам пракурора, але прычыну выкліку не патлумачылі. Папярэджаньне лідэру Мэджліса зачытала непасрэдна пракурор Крыма Натальля Паклонская.

Рафат Чубараў адзначыў, што не атрымаў ад Паклонскай копіі папярэджаньня:

«Яна разыграла спэктакль і заявіла, што 5 траўня на сустрэчы ў 10.00 я змагу атрымаць копію».

Чубараў таксама распавёў, што прасіў пракурора зачытаць папярэджаньне украінскай або крымскататарскай мовамі, якія, паводле «Канстытуцыі Рэспублікі Крым», зьяўляюцца на паўвостраве дзяржаўнымі.

У нядзелю пракурор Крыма папярэдзіла Чубарова аб «непрымальнасьці вядзеньня экстрэмісцкай дзейнасьці» і прыгразіла ліквідацыяй Мэджліса.

Адбылося гэта пасьля таго, як тысячы татар пратэставалі супраць забароны расейскіх уладаў на наведваньне Крыма іх лідэру Мустафе Джамілеву.