Як расейская прапаганда працуе ў Facebook: псэўдалекар піша пра падзеі ў Адэсе

Яркі прыклад таго, як расейская прапаганда ўводзіць у зман публіку, узбуджаючы ў нянавісьць да Ўкраіны.

Блогер Максім Саванеўскі ў сваім блогу на сайце «Украінскай праўды» прыводзіць самы сьвежы прыклад — псэўдасьведчаньні нейкага «лекара з Адэсы Ігара Разоўскага», распаўсюджаныя ў сетцы Facebook.

«Украінская ўлада ігнаруе інтэрнэт, як адно з найважнейшых палёў вядзеньня вайны. На жаль, Расея, якая ўжо трэці месяц вядзе адкрытую вайну супраць Украіны, працуе на гэтым полі прафэсійна. Укладвае немалыя рэсурсы для вядзеньня прапаганды ў сацсетках.


Самы сьвежы прыклад — распаўсюджваньне сёньня псэўдасьведчаньняў нібыта лекара з Адэсы Ігара Разоўскага, які распавёў, як ён спрабаваў аказваць дапамогу пацярпелым у адэскім доме прафсаюзаў, але баевікі не далі яму падысьці да параненага і не дазволілі выратаваць яго ад сьмерці, а потым патлумачылі, што зь Ігарам і іншымі габрэямі Адэсы неўзабаве будзе тое ж. «У маім горадзе адбылося тое, чаго не магло адбыцца нават падчас фашысцкай акупацыі», — рэзюмуе псэўдалекар.


Яго пост ўсяго за 15 гадзін сабраў больш за 2000 распаўсюджваньняў, і гэтая лічба працягвае расьці проста на вачах:

Праўда, калі паглядзець больш уважліва, то бачна, што свой рахунак т. зв. Ігар Разоўскі завёў ўсяго 16 гадзін таму. На фота выяўлены ніякі не адэскі габрэй Ігар Разоўскі, а Сямёнаў Руслан Хаджы-Муратавіч — зубны лекар, які працуе цяпер ва Усьць-Джэгуцінскай стаматалягічнай клініцы — гэта Карачаева-Чаркесія, Расея.



Цікава і тое, як расейскія прапагандысцкія службы распаўсюджваюць гэтую інфармацыю. Спачатку яна распаўсюджвалася праз буйныя сеткі ботаў і некалькі папулярных супольнасьцяў. А калі колькасьць распаўсюджваньняў стала досыць вялікай — пачалі распаўсюджваць пераклад гэтага паста на розных мовах па міжнародных супольнасьцях і замежных навінавых сайтах. Пераклады ўсе ідэнтычныя. Нямецкія, ангельскія, ёсьць нават на баўгарскай мове. Спрабуюць актыўна распаўсюджваць гэтую інфармацыю праз габрэйскія супольнасьці.